Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі ня бачыць падставаў для абмену Пола Ўілана, абвінавачанага ў шпіянажы


Пол Уілан

Міністэрства замежных справаў Расеі ня бачыць прычынаў ставіць пытаньне аб абмене Пола Ўілана, які абвінавачваецца ў шпіянажы, на расейцаў, арыштаваных у іншых краінах. Пра гэта ў суботу заявіў журналістам намесьнік кіраўніка ведамства Сяргей Рабкоў.

Чыноўнік настойвае, што сытуацыя з Уіланам разьвіваецца ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам і двухбаковымі абавязальніцтвамі па забесьпячэньні консульскага доступу да замежнага грамадзяніна.

Напярэдадні дэпутат верхняй палаты расейскага парлямэнта Алег Марозаў назваў Пола Ўілана кандыдатам для абмену на расейцаў, арыштаваных у ЗША — Віктара Бута і Марыю Буціну.

За тыдзень да затрыманьня Ўілама ў Маскве прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на прэс-канфэрэнцыі адказваў на пытаньне аб магчымасьці затрыманьня ў Расеі замежных грамадзянаў для абмену на расейцаў. «Мы ня будзем хапаць ні ў чым не вінаватых людзей толькі для таго, каб іх на кагосьці мяняць», — заявіў Пуцін.

Па апошніх дадзеных, Ўілан можа зьяўляцца грамадзянінам чатырох краінаў. Акрамя Злучаных Штатаў ён накіраваў запыты аб дапамозе ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы Канады, Вялікабрытаніі і Ірляндыі.

Расейскія ўлады пацьвердзілі, што атрыманы консульскі запыт Канады на доступ да Ўілана. Яго пададуць у працоўныя дні і ў выпадку атрыманьня пісьмовай згоды падазраванага, заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Расеі.

Былы служачы рэзэрву Корпусу марской пяхоты ЗША Пол Уілан быў затрыманы ў Маскве 28 сьнежня. Фэдэральная служба бясьпекі Расеі падазрае яго ў шпіянажы. Сам Уілан віну не прызнае.

Брат Уілана ў інтэрвію BBC распавёў, што той рэгулярна езьдзіў у Расею. Ён адхіліў магчымасьць яго працы на выведку. У апошнія гады Уілан працаваў дырэктарам па бясьпецы амэрыканскай кампаніі BorgWarner, якая пастаўляе запчасткі для аўтамабіляў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG