Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША запатрабавалі неадкладнага вызваленьня затрыманага ў Маскве амэрыканца


Пол Ўілан

Дзяржаўны сакратар ЗША Пампэо таксама заклікаў улады РФ даць тлумачэньне прычын арышту Пола Ўілана.

ЗША патрабуюць неадкладнага вызваленьня былога марскога пяхотніка Пола Ўілана, які быў затрыманы ў Маскве паводле абвінавачаньня ў шпіянажы, і хочуць атрымаць тлумачэньне прычын яго арышту, заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.

Тым часам расейскія СМІ паведамілі, што ўлады РФ дазволілі консульскі доступ да затрыманага грамадзяніна ЗША.

Раней, выступаючы ў сталіцы Бразыліі на другі дзень пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта Жаіра Балсанару, дзяржсакратар сказаў, што ўрад ЗША спадзяецца ў найбліжэйшыя гадзіны атрымаць консульскі доступ да Пола Ўілана.

Паводле Пампэо, ЗША «выразна далі зразумець Расеі, што разьлічваюць даведацца больш пра выстаўленыя абвінавачаньні і разабрацца, у чым менавіта яго абвінавачваюць».

Ўілан быў затрыманы ў Маскве ў пятніцу. Фэдэральная служба бясьпекі РФ паведаміла пра яго арышт праз тры дні, заявіўшы, што амэрыканца арыштавалі «пры правядзеньні шпіёнскай акцыі». Ніякіх дадатковых падрабязнасьцяў ФСБ не ўдакладняе.

Паводле брата затрыманага Дэйвіда Ўілана, адстаўны марпех прыехаў у Маскву на вясельле. Сваякі Ўілана настойваюць, што ён невінаваты. «Яго невінаватасьць не падлягае сумневу, і мы спадзяемся, што яго правы будуць выкананыя», — напісаў Дэйвід Ўілан ў сетцы Twitter у аўторак. «Мы вельмі турбуемся пра яго бясьпеку і дабрабыт», — дадаў ён.

Пампэо падкрэсьліў, што, калі арышт быў неабгрунтаваным, ЗША запатрабуюць неадкладнага вяртаньня Ўілана на бацькаўшчыну.

У выпадку прызнаньня віны Ўілану пагражае да 20 гадоў турэмнага зьняволеньня.

48-гадовы Ўілан займае пасаду дырэктара міжнароднай бясьпекі ў кампаніі BorgWarner, якая займаецца пастаўкамі аўтамабільных запчастак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG