Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перанесла выбарчыя ўчасткі з Расеі у іншыя краіны. Але не ў Беларусь


Паўло Клімкін

31 сьнежня Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны ліквідавала выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі Расеі. Пяць выбарчых участкаў у дыпляматычных прадстаўніцтвах Украіны на тэрыторыі РФ, якія былі зацьверджаныя ў 2012 годзе, згодна з гэтай пастановай перастануць існаваць.

ЦВК Украіны перанесла ўсе гэтыя выбарчыя ўчасткі з тэрыторыі РФ (у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне, Екацярынбурзе і Новасібірску) у пасольствы Ўкраіны ў Грузіі, Казахстане і Фінляндыі.

Сёньня ў сваім блогу ў інтэрнэт-выданьні «Украінская праўда» міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін патлумачыў ліквідацыю выбарчых участкаў у Расеі перш за ўсё меркаваньнем бясьпекі выбаршчыкаў.

«Мы лічым, што правядзеньне свабодных і сумленных выбараў на тэрыторыі краіны-агрэсара немагчымае, пазбаўленае палітычнага і юрыдычнага сэнсу, а для тых, хто вырашыць узяць у іх удзел — проста небясьпечнае» — адзначыў міністар.

Па словах Клімкіна, тыя ўкраінскія грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі часова (а гэта пераважная большасьць), змогуць аддаць свой голас ва Ўкраіне па месцы сталага пражываньня, «неабходна толькі пераканацца, што вас унесьлі ў сьпісы».

Тыя ж, хто пражывае ў Расеі стала, будуць мець магчымасьць галасаваць у пасольствах Украіны ў Грузіі, Фінляндыі і Казахстане, адзначыў міністар.

Паводле яго дадзеных, у Расеі цяпер знаходзіцца прынамсі два з паловай мільёна ўкраінскіх грамадзян.

31 сьнежня 2018 году ва Ўкраіне пачалася перадвыбарчая кампанія да выбараў прэзыдэнта, якія павінны адбыцца ў сакавіку 2019 году.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што сярод краінаў, у якія перанесеныя выбарчыя ўчасткі з Расеі, няма Беларусі. Выбарчы ўчастак з Масквы перанесены ў пасольства Ўкраіна ў Фінляндыі, хаця Менск бліжэй да Масквы, чым Гэльсінкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG