Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін канцэрт для 18 флейтыстаў. Беларуска-амэрыканскі кампазытар пра ўнікальны міжнародны конкурс

абноўлена

Яўген Магаліф

Беларуска-амэрыканскі кампазытар Яўген Магаліф падзяліўся са Свабодай вынікамі і ўражаньнямі ад міжнароднага конкурсу на найлепшае выкананьне ягонага канцэрту для флейты FLUTE CONCERTO.

— Мы размаўлялі з вамі ў жніўні, калі толькі распачынаўся міжнародны конкурс на найлепшае выкананьне вашага канцэрту для флейты. У канцы 2018 году конкурс завяршыўся, і вы ўжо абвясьцілі імёны пераможцаў. Як усё прайшло? Ці задаволеныя вы вынікам конкурсу?

— Усё лета і восень для мяне прайшлі ў хваляваньнях і клопатах арганізацыі конкурсу. Гэта быў першы ў гісторыі конкурс такога роду, і мы з партнэркай Юліяй Бэры, флейтысткай і стваральніцай бясплатнай аплікацыі для тэлефонаў allaboutflute, былі сапраўды першапраходцамі. Ніколі яшчэ кампазытар пры сваім жыцьці ня ладзіў конкурсу на найлепшае выкананьне свайго канцэрту для флейты, тым больш кампазытар беларускага паходжаньня.

Маладыя флейтысты павінны былі вывучыць мой 20-хвілінны канцэрт для флейты, знайсьці піяніста-акампаніятара, запісаць і паслаць відэа для ацэнкі чальцамі журы конкурсу. У нас не было досьведу ў арганізацыі такой падзеі, але было вялікае жаданьне і ўпэўненасьць, што ўсё атрымаецца.

— Якія прызы атрымалі фіналісты конкурсу?

— Конкурс ня меў грашовых прызоў, але была выключная падтрымка спонсараў. Я думаю, што маё імя, мая музыка і давер да мяне адыгралі асноўную ролю ў тым, што спонсары далі нам найкаштоўнейшыя прызы. Ні ў адным іншым конкурсе не было такой колькасьці прызоў ад самых вядомых кампаній. Агульны іх кошт склаў каля 14 тысяч даляраў.

Што ж гэта былі за прызы? Ня ўсе, напэўна, ведаюць, што самая важная дэталь флейты — гэта галоўка з адтулінай, у якую паступае паветра пры выкананьні. Ад мэталу або сплаву, зь якіх зробленая галоўка, ад таўшчыні сьценак, формы адтуліны ды іншых парамэтраў залежыць гук флейты. Славуты майстар Сонг з Карэі падарыў нашаму конкурсу дзьве срэбныя галоўкі зь цудоўнай гравіроўкай і інкрустацыяй каштоўнымі камянямі. Гэтыя галоўкі былі галоўнымі прызамі конкурсу.

Яшчэ дзьве срэбныя галоўкі мы атрымалі ад флейтавага цэнтру Нью-Ёрку і ад самай вялікай кампаніі ЗША па вытворчасьці флейтаў Gemeinhardt. Дзьве бамбукавыя галоўкі даслала нам кампанія HEREDIA з Мэксыкі. Вельмі каштоўны прыз дала кампанія SDC Optimum зь Нямеччыны — футарал для флейты, выкананы філіпінскім майстрам з каштоўнага вытрыманага дрэва. Зборнікі маіх нот для ўзнагароджаньня фіналістаў даслалі тры выдавецтвы з ЗША і Вялікай Брытаніі. І шэсьць аркестраў з чатырох краінаў сьвету пагадзіліся даць магчымасьць фіналістам выканаць мой канцэрт для флейты ў 2019 годзе. Гэта вялікі гонар і выдатная ўзнагарода для музыкантаў.

— Раскажыце пра пераможцаў конкурсу. Хто зь іх быў найбольш яркім?

— У фінальную частку конкурсу мы адабралі 18 маладых флейтыстаў ад 14 да 30 гадоў. Яны прадстаўлялі 10 краінаў. Па некалькі флейтыстаў было з Расеі і ЗША, Польшчу і Ўкраіну прадстаўлялі па двое музыкаў. Адным удзельнікам былі прадстаўленыя Вялікая Брытанія, Беларусь, Вэнэсуэла, Ганконг, Мэксыка і Францыя.

Гран-пры заваявала дзяўчына з ЗША Карыса Лі. Яна нарадзілася ў Алабаме ў сям’і сьляпога музыкі. У Нью-Ёрку скончыла прэстыжную школу Manhattan School of Music, у якой вучылася на поўным забесьпячэньні. Цяпер яна вучыцца ва ўнівэрсытэце, каб атрымаць дыплём магістра. Даведаўшыся пра яе талент, а таксама праблемы зь яе старэнькай флейтай, некалькі гадоў таму яе запрасілі паўдзельнічаць у папулярным шоў і нечакана ўручылі залатую флейту ад кампаніі Powell.

Карыса адзіная выканала канцэрт для флейты на памяць і з выключным разуменьнем стылю маёй музыкі, радасна і свабодна. Акрамя галоўнага прызу, яна атрымала магчымасьць выканаць у 2019 годзе канцэрт для флейты з аркестрам расейскіх народных інструмэнтаў Смаленскай філярмоніі.

Вельмі цікавым было спаборніцтва за прыз публікі. 18 відэа былі выстаўленыя ў аплікацыі All About Flute, якой карыстаюцца каля 14 000 прафэсійных флейтыстаў усяго сьвету.

Перамагла Анастасія Тоніна зь Пецярбургу, яна атрымала другі па значнасьці прыз — флейтавую галоўку майстра Сонга, інкруставаную каштоўнымі камянямі і з гравіроўкай. Анастасія вучылася ў выдатных пэдагогаў у Расеі і ЗША, таму яе выкананьне ўвабрала ў сябе найлепшае з мэтодык абедзьвюх краінаў і вызначалася высокай якасьцю. Прагаласавалі 6188 флейтыстаў, таму вынікі аказаліся вельмі дакладнымі. Прафэсійнае журы конкурсу, у сваю чаргу, узнагародзіла яе дыплёмам другой прэміі.

З хлопцаў найлепшым аказаўся Сірыюс Чаў (Вялікая Брытанія — Ганконг), ён стаў ляўрэатам першай прэміі і ўзнагароджаны галоўкай Brannen-Cooper ад флейтавага цэнтру Нью-Ёрку.

Францужанка з Тулузы Сара Маскіё стала ляўрэаткай другой прэміі і была ўзнагароджаная футаралам кампаніі DSC Optima. Журы лічыць, што яна стане зоркай як мінімум эўрапейскага ўзроўню. Таксама Сара атрымала спэцыяльны прыз ад старшыні журы прафэсара Алега Сыцянкі (Фінляндыя) — бамбукавую галоўку кампаніі HEREDIA (Мэксыка). Акрамя таго, яна паедзе выконваць канцэрт у 2019 годзе ў Хэрсонскай філярмоніі.

Марыя Мендоза, вэнэсуэлка, якая жыве ў Мэксыцы, да свайго дыплёму другой прэміі атрымала спэцыяльны прыз ад вялікай амэрыканскай кампаніі Gemeinhardt — галоўку Galway Crusader. Марыя паедзе выконваць канцэрт для флейты з духавым аркестрам унівэрсытэту Ўілкіс (Пэнсільванія, ЗША).

Выдатны флейтыст Андрэй Касьцягін з Сымфанічнага аркестру Татарстану атрымаў званьне ляўрэату другой прэміі. Моцны флейтыст з ЗША Антоніё Гэрбэрт атрымаў трэцюю прэмію, хутчэй за ўсё з прычыны ня вельмі якаснага відэазапісу. Ён узнагароджаны выступам з аркестрам і паедзе ў Махачкалу граць з камэрным аркестрам Дагестанскай філярмоніі.

Выдатна грала Святлана Балакіна з далёкага расейскага гораду Орску. Яна стала ляўрэаткай другой прэміі і выканае канцэрт для флейты ў красавіку 2019 году з аркестрам свайго каледжу.

Дзьве моцныя польскія музыканткі Магдалена Ірміньска і Эстэр Пыка атрымалі званьні ляўрэатак трэцяй прэміі. Трэцюю прэмію таксама атрымала і яркая флейтыстка з Украіны Дарʼя Трацьцякова.

У конкурсе ўдзельнічалі двое 14-гадовых юнакоў. Адзін — з расейскага Краснаярску — Вова Саўчанка. Ён стаў фіналістам конкурсу і ўладальнікам спэцыяльнага прызу аднаго з членаў журы.

Другі — Яраслаў Вадавозаў з Кіева. Яраслаў папрасіўся паўдзельнічаць у конкурсе за 14 дзён да апошняга тэрміну. Я паставіўся да гэтага скептычна, але даведаўся, што яго вучыць граць на флейце вядомая флейтыстка-пэдагог Алена Дзімітрава. Алена сказала, што Яраслаў справіцца, і ў выніку Яраслаў упэўнена ўзяў другое месца, абагнаўшы многіх старэйшых па ўзросту. Ён атрымаў яшчэ спэцыяльны прыз «Узыходзячая зорка» з уручэньнем яму бамбукавай галоўкі HEREDIA і магчымасьцю выканаць канцэрт з аркестрам Днепрапятроўскай філярмоніі.

— Вы згадалі, што ў конкурсе была прадстаўленая і Беларусь — краіна, у якой вы нарадзіліся і зь якой прыехалі ў ЗША. Раскажыце пра ўдзельніцу зь Беларусі.

— Мяне вельмі ўзрадавала, што ў фінал прайшла таленавітая дзяўчына зь Беларусі Анжэліка Скаскевіч (Фрыдрых). Анжэліка выкладае флейту ў музычным каледжы Баранавіч, грае ў некалькіх музычных аркестрах гораду. Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, кляс прафэсаркі Сьвятланы Сітнікавай, і паехала выкладаць у той жа каледж, які ў свой час і скончыла. Анжэліка займала прызавыя месцы ў конкурсах абласнога і рэспубліканскага маштабу як сольна, так і ў складзе ансамбляў і аркестраў. Яе студэнты перамагалі ў некалькіх конкурсах, але сама яна ў міжнародным конкурсе ўдзельнічала ўпершыню. Тое, што яна прайшла ў фінал конкурсу, у якім бралі ўдзел моцныя флейтысты з розных краінаў сьвету, сьведчыць пра яе добрую падрыхтоўку і высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства.

Калі б у яе была новая і прафэсійная флейта, а ня танны інструмэнт, які патрабуе пастаяннага рамонту, Анжэліка цалкам магла заняць прызавое месца. Цэны на прафэсійныя флейты пачынаюцца прыкладна з $ 8 000, і музыкам у Беларусі сабраць такую суму вельмі цяжка. Аднак Анжэліка і на старэнькім інструмэнце заваявала сымпатыі многіх членаў журы. Ёй уручылі спэцыяльны «Прыз кампазытара» і ўзнагародзілі магчымасьцю выкананьня майго канцэрта для флейты з аркестрам Віцебскай філярмоніі.

— Віншуем вас зь вялікім посьпехам. І якія далейшыя пляны?

— Мне б хацелася падзякаваць усім удзельнікам і спонсарам майго конкурсу, а таксама маю партнэрку Юлію Бэры за ўдзел і дапамогу ў яго правядзеньні. Асаблівую падзяку хачу выказаць Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа за асьвятленьне конкурсу. Конкурс выклікаў шырокі розгалас, прыцягнуў увагу сотняў тысяч флейтыстаў і аматараў флейтавым музыкі з усяго сьвету. Праект аказаўся пасьпяховым, і, калі казаць пра нашыя далейшыя пляны, то мы думаем правесьці Міжнародны дзіцячы конкурс з выкананьнем маёй музыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG