Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Магаліф: Людзям падабаюцца мае мэлёдыі


Яўген Магаліф
Яўген Магаліф

Яўген Магаліф быў у Беларусі кампазытарам папулярных песень, калі ў 1990 годзе зьехаў на сталае жыцьцё ў ЗША. У 1992 годзе, разам з Данчыкам (Багданам Андрусышыным) ён запісаў вядомы ўсім беларускім мэляманам альбом «Мы яшчэ сустрэнемся». А зусім нядаўна ў міжнародным продажы зьявіўся дыск Яўгена Магаліфа зь ягонымі кампазыцыямі ў клясычным стылі пад назвай «Colibri». У размове зь Янам Максімюком Яўген Магаліф распавядае пра долю кампазытара ў Амэрыцы і пра свае дачыненьні зь Беларусьсю.

Інтэрвію зь Яўгенам Магаліфам цалкам у далучаным аўдыёфайле:

РС: Сёлета вы выдалі дыск са сваёй музыкай, які называецца «Калібры». Дыск пазначаны як «міжнародны музычны праект». Скажыце, у чым «міжнароднасьць» гэтага праекту?

Яўген Магаліф: ...Мы шукалі аркестар у Бразыліі, у Літве, у Расеі, у Беларусі. І раптам мне кажуць, што ў Днепрапятроўску ва Ўкраіне ёсьць вельмі добры аркестар і дырыжор Натальля Панамарчук. І я прыгадаў, што гэтую жанчыну я сустрэў і гаварыў зь ёю некалькі гадоў таму. Яна з задавальненьнем згадзілася запісаць мой дыск. І яна, і дырэктар філярмоніі ў Днепрапятроўску пайшлі нам насустрач. Ян зрабілі нам усе ўмовы, каб быў добры запіс, і яны яшчэ прапанавалі мне зрабіць мой аўтарскі канцэрт у залі філярмоніі... Як у запісе, так і ў канцэрце выступалі артысты зь пяці розных краінаў...

РС: Як кампазытару прыходзіць у галаву ідэя, каб напісаць кампазыцыю, скажам, для флейты, такую як «Калібры»? Чаму не для віялянчэлі або для габою, напрыклад?

Яўген Магаліф: ...Гэта цікавае пытаньне. Мяне часам пытаюць: вы флейтыст? А я адказваю, што я нават ня ведаю, як узяць адзін гук на флейце. Але я адчуваю гэты інструмэнт. Я ўяўляю сабе, як магчыма было б сыграць на ім, а калі я ў гэтым ня ўпэўнены, дык я пытаю прафэсіяналаў, ці магчыма гэта сыграць. Але ўсё што я пішу — сыграць магчыма...

РС: Я на вашым сайце прачытаў, што ваша музыка гучала нават у Белым доме...

Яўген Магаліф: ...Гэта быў для мяне вялікі сюрпрыз...

РС: А як бы вы самі акрэсьлілі ваш музычны стыль і жанр? Як клясыфікаваць ваш апошні дыск «Калібры» — гэта што, клясычная музыка, поп, яшчэ нешта іншае?

Яўген Магаліф: ...Гэты жанр даволі складана назваць, але гэта — як кажуць амэрыканцы — crossover. Гэта на мяжы паміж клясычнай музыкай, музыкай барока, і поп-музыкай. Мой улюбёны кампазытар — Эндру Лойд Уэбэр... Я адчуваю сябе крышку падобным на яго. Мы працуем у падобным жанры...

РС: ...Як жывецца кампазытару ў ЗША? Можна выжыць толькі з музыкі ці трэба яшчэ падзарабляць нечым іншым?

Яўген Магаліф: ...Жыць на ганарары ад музыкі немагчыма...

Яўген Магаліф і Данчык, 1989
Яўген Магаліф і Данчык, 1989

РС: Вы наведвалі Беларусь за апошнія 25 гадоў, калі вы жывяце ў Злучаных Штатах?

Яўген Магаліф: ...Мы з жонкай езьдзілі ў Беларусь разоў чатыры-пяць... Усё было добра, нам давалі візы і нас ніхто не спыняў. Але гады тры назад мы хацелі паехаць у Беларусь, а нам кажуць у амбасадзе: вы павінны ўзнавіць беларускае грамадзянства. А мы ім кажам, што мы зьехалі з краіны, якая называлася Савецкі Саюз, і ў нас не было пашпартоў беларускіх грамадзянаў. Навошта нам яны цяпер, калі ў нас амэрыканскія пашпарты? А яны нам: не, вы спачатку ўстанавіце беларускае грамадзянства, а потым можаце яго скончыць. Таму што вы выехалі зь Беларусі без дазволу АВІРА...

РС: Прыгадайце, калі ласка, сваё супрацоўніцтва з Данчыкам пры запісе альбому «Мы яшчэ сустрэнемся»...

Яўген Магаліф: ...З Данчыкам я пазнаёміўся яшчэ ў Менску, калі працаваў на радыё... Год пасьля таго, як я прыехаў у Амэрыку, мы зь ім запісалі дыск... Там было пяць маіх песьняў і, мабыць, зь сем маіх апрацовак... Гэты была вельмі складаная справа, таму што Данчык хацеў адны песьні, бабуля Данчыка сказала — трэба, каб была такая песьня, а мама сказала — трэба яшчэ такую песьню... Усе хацелі, і трэба было кожнаму дагадзіць. А Магаліф хоча, каб былі яго песьні... Але дыск атрымаўся цудоўны... Я ня ведаю, якім цудам мне ўдалося зрабіць тыя апрацоўкі. У той час я спэцыяльна купіў так званы sequencer і вывучыў, як ім карыстацца. І ўсе апрацоўкі я зрабіў на сваім вельмі добрым у той час сынтэзатары. Я іграў за саксафон, за ўдарныя, за іншыя інструмэнты. Часам мне даводзілася перапісваць некаторыя партыі, саксафону або гітары, па семдзесят разоў, каб слухач мог падумаць, што гэта рэальны інструмэнт грае...

РС: Адкуль у вас такая добрая беларуская мова?

Яўген Магаліф: ...Я не вучыўся беларускай мове ў школе. У школе гэта было па жаданьні, і я нават не памятаю, ці хадзіў я на тыя ўрокі. Я думаю, што не. Але беларуская мова прыйшла да мяне, калі я пачаў працаваць на радыё. Я апошнія тры гады ў Беларусі працаваў на радыё, і там мы ўсе дакумэнты і іншае стараліся афармляць на беларускай мове. Ну а тут я зь беларусамі сябрую, але сустракаемся мы ня часта. Так што некаторыя словы я забываю, але нешта — помню...

Colibri — Minsk 2010

Туманы — Данчык

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG