Беларускі саюз дызайнэраў распаўсюдзіў у сацсетках 2 сьнежня заяву аб магчымым выключэньні 94 сяброў за запазычанасьць у складках за 2015–2018 гады.
Сплаціць трэба да 14 студзеня. Унёсак за год складае дзьве базавыя велічыні — на сёньня гэта 51 рубель. З пэнсіянэраў і людзей у дэкрэтным водпуску просяць удвая меней.
У камэнтары пад допісам на Facebook ад імя Саюзу пішуць, што з надзеяй чакаюць унёскаў, але «як што — справа вольная, ну нічога страшнага: пацікаўцеся, якія людзі ў нас былі, але сышлі, таксама неблагая кампанія набярэцца».
У сьпісе тых, каму пагражае выключэньне з саюзу, ёсьць шырока вядомыя імёны, напрыклад Уладзімер Цэсьлер, які сказаў «Нашай ніве», што цяпер знаходзіцца за мяжой і зьбіраецца вырашаць пытаньні з саюзам па вяртаньні.
Сакратар Беларускага саюзу дызайнэраў Павал Дарохін расказаў Свабодзе, што пытаньні выплаты складак узьнікалі і раней, гэта «звычайная сытуацыя» — проста раней такія паведамленьні не публікавалі ў сацыяльных сетках. Яшчэ да таго допісу, кажа ён, па некалькі разоў рознымі шляхамі саюз зьвязваўся з тымі, хто не плаціў унёскаў. Цяпер некаторыя з пазначаных у сьпісе ўжо зьвязаліся з Саюзам наконт сяброўскіх складак.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў