Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным адказе Міністэрства культуры на зварот Беларускага саюзу дызайнэраў.
У Міністэрстве культуры адказалі на зварот старшыні Беларускага саюзу дызайнэраў Дзьмітрыя Сурскага. У звароце кіраўнік саюзу запытаўся, ці лічыцца арганізацыя выставаў прадпрымальніцкай дзейнасьцю ад імя творчых саюзаў, як гэта прапісана ў Кодэксе аб культуры.
У Міністэрстве культуры ўдакладнілі, што выставы — гэта наогул ня творчая і не інтэлектуальная дзейнасьць. Афіцыйны адказ апублікаваны на старонцы Беларускага саюзу дызайнэраў у «Фэйсбуку».
«Творчая дзейнасьць уяўляе сабой кірунак культурнай дзейнасьці, які ўключае мастацкую творчасьць ды іншую інтэлектуальную дзейнасьць, якая заканчваецца зьяўленьнем новага, раней неіснуючага, выніку інтэлектуальнай дзейнасьці ў сфэры культуры. Правядзеньне выставаў не зьяўляецца інтэлектуальнай дзейнасьцю і, як вынік, не адносіцца да творчай дзейнасьці», — гаворыцца ў адказе з подпісам начальніцы галоўнага ўпраўленьня культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Ірыны Дрыгі.
Калі б Мінкульт аднёс выставу да творчай прадпрымальніцкай дзейнасьці ад імя саюзу, гэта б спрасьціла арганізацыю выставаў. Іх можна было б арганізоўваць ад імя саюзу без стварэньня камэрцыйнай арганізацыі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў