Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія пасьля выхаду з ЭЗ створыць новыя вайсковыя базы


Гэвін Уільямсан

Вялікая Брытанія плянуе стварыць новыя вайсковыя базы пасьля выхаду са складу Эўрапейскага Зьвязу. Пра гэта выданьню The Daily Telegraph распавёў міністар абароны Гэвін Уільямсан.

Паводле яго, Брытанія павінна прадэманстраваць, што зноў гатовая выступіць у ролі глябальнай дзяржавы. Міністар не ўдакладніў, дзе будуць разьмешчаныя базы. У сваю чаргу журналісты The Daily Telegraph выказалі здагадку, што гаворка ідзе аб былой брытанскай калёніі Гаяне, Сынгапуры ці Брунеі.

Уільямсан адзначыў, што разглядае Brexit як адзін з найбольш важных момантаў для брытанцаў з часоў перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Паводле міністра, выхад з ЭЗ адкрывае новыя магчымасьці для ўдзелу Злучанага Каралеўства ўва ўсясьветнай палітыцы.

У прыватнасьці, Уільямсан упэўнены, што ролю Брытаніі як глябальнага лідэра будуць вітаць былыя калёніі Брытанскай імпэрыі — такія краіны, як Канада, Аўстралія, шэраг дзяржаваў Афрыкі і Карыбскага басэйну.

Вялікая Брытанія пакіне ЭЗ 29 сакавіка 2019 году. Краіны ЭЗ ухвалілі пагадненьне аб Brexit на саміце 25 лістапада. Пакуль незразумела, ці прыме дамову брытанскі парлямэнт. Галасаваньне намечана на 21 студзеня.

Большасьць чальцоў парлямэнту адмаўляюцца ўхваліць пагадненьне — адных не задавальняюць яго ўмовы, іншыя выступаюць супраць выхаду з ЭЗ і заклікаюць да паўторнага рэфэрэндуму аб Brexit. Тэрэза Мэй, аднак, выключае паўторны рэфэрэндум.

Праект пагадненьня прадугледжвае, што Вялікая Брытанія выйдзе з ЭЗ, аднак захавае зь ім шчыльныя сувязі, прычым у шэрагу пытаньняў Брытаніі і пасьля выхаду з Эўразьвязу давядзецца выконваць яго нормы і рашэньні.

Крытыкі дакумэнту сьцьвярджаюць, што паводле ўмоваў пагадненьня Брытанія апынецца ў становішчы «васальнай» дзяржавы, бо ёй давядзецца, ня будучы чальцом ЭЗ, падпарадкоўвацца шэрагу яго правілаў. Калі пагадненьня аб Brexit дасягнуць не ўдасца, то Вялікая Брытанія можа выйсьці з ЭЗ і без яго.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG