Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпарацыя ВВС паскардзілася ў МЗС Расеі на выцек зьвестак пра супрацоўнікаў


Цэнтральны офіс ВВС у Лёндане, ілюстрацыйнае фота
Цэнтральны офіс ВВС у Лёндане, ілюстрацыйнае фота

ВВС накіравала афіцыйную скаргу ў міністэрства замежных спраў Расеі ў сувязі з публікацыяй пэрсанальных дадзеных супрацоўнікаў карпарацыі, якія працуюць у Маскве. Аб гэтым паведамляе сайт брытанскай мэдыякарпарацыі.

Кіраўнік Усясьветнай службы ВВС Джэймі Ангус заявіў:

«Мы папрасілі расейскія ўлады расьсьледаваць гэтае здарэньне, якое ня можа не выклікаць трывогу. Бясьпека нашых супрацоўнікаў у Маскве зьяўляецца нашым прыярытэтам. Для нашай аўдыторыі ў Вялікай Брытаніі і па ўсім сьвеце важная праца, якую маскоўскае бюро ВВС выконвае на працягу многіх гадоў.

Мы заўсёды працавалі ў Расеі ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам і добрасумленна скіраваліся правіламі ліцэнзаваньня і атрыманьня акрэдытацый. Таму нас асабліва непакоіць тое, што асабістыя дадзеныя нашых супрацоўнікаў, якія мы далі расейскім уладам у рамках нашай законнай дзейнасьці, былі раскрытыя падобным чынам».

Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава напісала ў Фэйсбуку, што ведамства «на канец дня 29 сьнежня» не атрымлівала ніякіх зваротаў са скаргамі ад ВВС. «Лёндан гуляе ўсё брудней», — напісала Захарава.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў сказаў 28 сьнежня, што Крэмль не ўхваляе публікацыю пэрсанальных дадзеных супрацоўнікаў ВВС, але ставіцца да гэтага «з разуменьнем».

25 сьнежня сайты pikabu.ru і segodnya.ru, а таксама супольнасьць «УКантакце» пад назвай «За Матушку-Россию» апублікавалі сьпіс 44 супрацоўнікаў ВВС, якія працуюць у Расеі, у тым ліку іх поўныя імёны і фатаздымкі. Сайт segodnya.ru назваў сьпіс «Наш адказ Чэмберлену». У публікацыі згадвалася, што нядаўна ў заходніх СМІ быў апублікаваныя сьпіс расейскіх журналістаў, а «знайсьці і апублікаваць сьпіс іх журналістаў, якія працуюць на тэрыторыі Расеі і ва ўсім бачаць змову, няцяжка».

Гаворка ішла пра нататку ў газэце Sunday Times, якая апублікавала фатаздымкі васьмі супрацоўнікаў брытанскага бюро Sputnik з указаньнем іх пасадаў. ВВС ніколі не друкавала гэты сьпіс.

Пасьля гэтага афіцыйны прадстаўнік МЗС Марыя Захарава заявіла, што расейскія дыпляматы «распрацоўваюць пытаньне контразахадаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG