«Роскомнадзор» пачаў праверку рэсурсаў ВВС у Расеі пасьля абвінавачваньняў брытанскага рэгулятара ў адрас расейскага тэлеканалу RussiaToday.
На сайце ведамства гаворыцца, што «Роскомнадзор» праверыць «на адпаведнасьць заканадаўству» расейскае вяшчаньне тэлеканалу BBC World News і інтэрнэт-рэсурсы ВВС. Пра вынікі праверкі паведамяць дадаткова.
20 сьнежня брытанскі мэдыярэгулятар Ofcom абвінаваціў RussiaToday у неаб’ектыўным асьвятленьні падзеяў ва Ўкраіне і Сырыі, а таксама атручваньня Скрыпалёў. Парушэньні выявілі ў сямі праграмах RT.
Брытанскі мэдыярэгулятар пакуль не прыняў рашэньня аб санкцыях у дачыненьні да RT. Каналу могуць прызначыць штраф або адклікаць ліцэнзію на вяшчаньне ў Вялікай Брытаніі.
З 2011 году, калі RT пачаў працаваць у Вялікай Брытаніі, Ofcom выявіў у яго 15 выпадкаў парушэньня правілаў вяшчаньня.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў