Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў: Расея не плянуе далучаць да сябе Беларусь

абноўлена

Дзьмітры Пяскоў

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ніякіх плянаў ўключэньня Беларусі ў склад Расеі не існуе, а этапы інтэграцыі дзьвюх краін выразна апісаныя ў Саюзнай дамове.

29 сьнежня Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візытам у Расеі. Лукашэнка і яго расейскі калега маюць намер «працягнуць размову па актуальных пытаньнях беларуска-расейскага супрацоўніцтва, якія бакі падрабязна абмеркавалі ў розных фарматах на сустрэчы ў Крамлі 25 сьнежня».

Прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў заявіў 29 сьнежня, што Крэмль разглядае перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі як чарговы крок у бок саюзніцкіх адносін, але не чакае ад іх прарыўных рашэньняў.

Як перадае Інтэрфакс, на пытаньне, ці ёсьць пляны далучэньня Беларусі да Расеі, Пяскоў сказаў:

«Тут не трэба быць галаслоўным, тут трэба ўспомніць 1999 год, дакумэнт, на аснове якога мы — РФ і Беларусь — і сталі Саюзнай дзяржавай».

Пяскоў нагадаў, што ў гэтым дакумэнце «ёсьць пэўныя вехі — гэта і фіскальныя справы і г.д., такія крокі на шляху інтэграцыі».

«Вядома, гаворка не ідзе пра нейкі далучэньні і г.д. Гэта хутчэй рух насустрач адзін аднаму, гэта ня рух у адзін бок», — падкрэсьліў прэс-сакратар.

14 сьнежня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі.

Чарговы ўсплёск напружаньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях узьнік пасьля таго, як Масква абвясьціла пра так званы падатковы манэўр, у выніку якога бюджэт Беларусі за наступныя 6 гадоў можа панесьці страты памерам да 10 мільярдаў даляраў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG