Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэль у Казахстане зьбілі пасьля дэфіле ў сукенцы з адкрытымі грудзьмі. ФОТА


Дынагул Тасава ў часе паказу, пасьля якога яе зьбіў партнэр.
Дынагул Тасава ў часе паказу, пасьля якога яе зьбіў партнэр.

Мадэль з Казахстану Дынагул Тасава заявіла ў Instagram, што партнэр зьбіў яе пасьля таго, як яна прыняла ўдзел у модным паказе і паказала сукенку з празрыстай устаўкай, якая агалял грудзі.

Паводле словаў дзяўчыны, яна атрымала ў сацсетках мноства нэгатыўных камэнтараў, аўтары якіх абвінавачваюць яе ў амаральнасьці. Гэта выклікала рэўнасьць ў мужчыны, зь якім яна сустракалася, ён зьбіў яе, адабраў кампутар, тэлефон і выдаліў акаўнты ў сацсетках.

Фота зь сінякамі пасьля пабояў мадэль выклала у Instagram і напісала, што «ня будзе маўчаць» аб тым, што адбылося.

Паводле словаў Тасавай, паказ сукенкі казаскай дызайнэркі Даны Дуйсэнбаевай адбыўся 30 лістапада на тыдні моды Astana Fashion Night. Як кажа мадэлька, «пасьля паказу не было нэгатыву, усе рэагавалі вельмі цёпла, пляскалі, фатаграфаваліся са мной».

У Instagram дзяўчына таксама патлумачыла, што многія жанчыны пасьля паказу фатаграфавалі яе ў сукенцы і выказвалі ёй падтрымку.

«А потым фатаграфіі з паказу трапілі ў сацсеткі і на інфармацыйныя парталы, і ўсе пачалі іх абмяркоўваць. Хтосьці бачыў прыгожую сукенку, хтосьці бачыў голае цела, і ўсе пачалі хэйціць мой вобраз. Я ня ведала, што людзі ў нас ( у Казахстане) могуць так рэагаваць менавіта на фэшн».

Дзяўчына патлумачыла, што камэнтары на яе адрас закранулі яе партнэра і ён заявіў, што «я паказваю на сцэне адкрытыя грудзі, а не сукенку».

Канфлікт з партнэрам здарыўся 8 сьнежня.

«Праз дзесяць дзён пасьля гэтага я вырашылася ўзяць сябе ў рукі, сфатаграфавацца і паказаць людзям, што нельга падымаць на жанчыну рукі. І паказаць яму, што ён нарабіў, — патлумачыла мадэль. — У мяне быў шок, таму што я вельмі давярала гэтаму чалавеку, мы ўжо пяць гадоў [былі] разам. Я чакала ад яго хоць нейкай падтрымкі пасьля паказу, таму што было вельмі шмат абмеркаваньняў і нэгатыву. Я думала, ён хоць бы словамі мяне падтрымае. А ў выніку ён узяў і зьбіў мяне. Я такога не чакала».

Паводле словаў Тасавай, яна не зьвярталася ў паліцыю, таму што афіцыйна яе адносіны з партнэрам ніяк не былі зарэгістраваныя, і «ён мне нічым не абавязаны». Але яна хацела, каб пра яго ўчынак даведаліся:

«Я і так яго растаптала, выставіўшы свае фатаграфіі ў сіняках. Няхай ён гэта ўбачыць, няхай народ асуджае, няхай народ выснову робіць. Далей дакопвацца, зь ім сустракацца, важдацца, высьвятляць адносіны я не хачу. Я не хачу зь ім бачыцца, — кажа Тасава. — Але я хачу, каб грамадзтва абмяркоўвала».

Тасава таксама кажа, што як актывіст моладзевага Масліхату Астаны ў будучыні мае намер займацца тэмай хатняга гвалту ў Казахстане. Паводле яе слоў, яна ўжо атрымлівае лісты ад жанчын, якіх зьбілі мужы або родныя, і якія ня ведаюць, куды зьвярнуцца з такой праблемай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG