Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка абмяркоўваюць энэргетычныя пытаньні сам-насам


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Крамлі 25 сьнежня 2018
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Крамлі 25 сьнежня 2018

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін анансаваў абмеркаваньне спрэчных энэргетычных пытаньняў, адкрываючы сустрэчу ў Маскве з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Зразумела, ёсьць і пытаньні, пры такім вялікім аб’ёме ўзаемадзеяньня заўсёды пытаньні ўзьнікаюць, яны ляжаць, як правіла, у нас у сфэры энэргетыкі, — цытуе прэзыдэнта Расеі агенцтва ТАСС. — У нас сёньня ёсьць магчымасьць пагаварыць па ўсіх гэтых тэмах».

«Нягледзячы на пытаньні, якія ўзьнікаюць у нас у гэтых сфэрах, нам заўсёды з Вамі ўдавалася знаходзіць рашэньне», — сказаў Пуцін.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Масква і Менск «сапраўды могуць дамовіцца» па спрэчных пытаньнях энэргетыкі, каб «не цягнуць старыя праблемы ў новы год».

Кажучы пра фармат працы на перамовах, Пуцін запрасіў Лукашэнку на працоўны абед для абмеркаваньня пытаньняў сам-насам. «Я прапаную такі парадак: мы паслухаем, як нашы калегі працавалі, потым дамо магчымасьць дэлегацыям яшчэ пагутарыць, а я хачу потым вас яшчэ асобна запрасіць на абед рабочы, пераднавагодні», — сказаў Пуцін.

Як адзначае БелТА, напярэдадні візыту Лукашэнка правёў нараду з удзелам кіраўніцтва ўраду, прысьвечаную супрацоўніцтву з суседняй краінай. Ён адзначыў, што Расея для Беларусі застаецца ключавым зьнешнім партнэрам. Аднак ня ўсе падпісаныя дамовы выконваюцца. Беларускі кіраўнік запэўніў, што Менск мае намер выразна акрэсьліць і адстойваць сваю пазыцыю.

«Я ўжо не кажу пра Расею як братнюю дзяржаву, таму што, як мяне інфармуюць, у Расеі гэта не ўспрымаецца, — не хаваў раздражненьня Лукашэнка. — Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэтае паняцьце непрымальнае. Што ж, будзем партнэрамі».

Перад гэтым на сустрэчы з расейскімі журналістамі Аляксандар Лукашэнка жорстка адрэагаваў на прапановы расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева аб больш глыбокай інтэграцыі ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы (агульных валюты, суду і мытні), а таксама казаў, што шантажаваць Беларусь марна.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу, дзе публічна паспрачаліся адносна цэнаў на газ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG