Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты паставілі пад сумнеў пляны Лукашэнкі наконт росту ВУП у 2019 годзе


20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы аб асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі і задачах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў 2019 годзе.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў наступным годзе стане абмежаваньне інфляцыі, якая вымяраецца індэксам спажывецкіх цэнаў у межах 5% (сьнежань 2019 году да сьнежня 2018 году), а таксама рост ВУП да 4%.

Жаліба: Прагноз інфляцыі — блізкі да выканальнага, ВУП — фантастычны

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Сёлета Міністэрства працы не індэксавала месячныя заробкі беларусаў, калі інфляцыя не перавышала 5%. За 11 месяцаў 2018 году інфляцыя склала 4,8%. Прагноз Нацбанку быў 5,5–6%.

Паводле леташняга ўказу, рост валавога ўнутранага прадукту ў 2018-м павінен скласьці ня менш як 3,5% (за 11 месяцаў ВУП вырас на 3,2%). На наступны год гэты паказьнік мусіць дасягнуць ня менш як 4%.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў інтэрвію Свабодзе нагадвае, што эканоміка Беларусі ўступае ў прынцыпова новую фазу існаваньня. Перадусім гэта зьвязана з так званым падатковым манэўрам з боку Расеі, які ў доўгатэрміновай пэрспэктыве пагражае Беларусі істотнымі прагаламі ў бюджэце.

«Лічбы інфляцыі яшчэ больш-менш рэальныя, а вось што тычыцца паказьніка росту ВУП — гэта ўжо праблематычна, — лічыць экспэрт. — 4% — усё ж занадта аптымістычны прагноз, нават калі і будзе нейкая расейская кампэнсацыя за той жа манэўр. Сумняюся, што ёсьць падставы разьлічваць на такі рост».

Лукашэнка і Пуцін могуць дамовіцца

Барыс Жаліба схіляецца да таго, што Беларусі ўдасца атрымаць кампэнсацыю ад Расеі. На яго перакананьне, Маскве нявыгадна мець «суседа-банкрута».

«Калі мы не далічымся на першым этапе кампэнсацыі ў памеры 630 мільёнаў даляраў, прагнозаў можам і не дасягнуць, — мяркуе Жаліба. — Бо як толькі паўстануць новыя складанасьці ў эканоміцы, гэта перакінецца на бюджэт, і мара пра 4% ВУП так і застанецца на паперы. Тым ня меней я маю надзею, што прэзыдэнты ўсё ж паразумеюцца ў прынцыповых момантах. Як раней плянавалася, 25 сьнежня мае адбыцца візыт Лукашэнкі ў Маскву, і яны там з Пуціным пра ўсё дамовяцца. Ня першы раз ужо такія сутыкненьні, спрэчкі, якія потым вырашаліся. Самой Расеі нявыгадна, каб эканоміка Беларусі збанкрутавала. Таму кампэнсацыя будзе».

Іосуб: Эканоміка на 4% ня вырасьце

Ня верыць у рэальнасьць прагнознага паказьніка ВУП і экспэрт у фінансавай галіне, старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Калі адны лічбы выклікаюць давер, то іншыя — ня вельмі, — кажа ён. — Што тычыцца інфляцыі ў межах 5%, лічба амаль дасягальная, хоць я дадаў бы яшчэ 0,5%. А вось што абсалютна не выклікае даверу — гэта рост эканомікі на 4%. Дарэчы будзе згадаць, што ў нас некалькі прагнозаў. 4% — так званы мэтавы прагноз; і больш рэальны, які ўтрымліваецца ў бюджэце — рост эканомікі ўсяго 2%. То бок тое, чаго хацелася б дасягнуць і што можам атрымаць на самой справе. З гэтага гледзішча рост на 1–2% — якраз тое, што рэальна атрымаць налета ў лепшым выпадку. Хоць, уласна кажучы, нам не прывыкаць да невыкананьня мэтавых плянаў росту эканомікі».

Згодна з указам аб асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі, рэальны грашовы даход беларусаў павінен вырасьці на 3,4%. Гэта даходы насельніцтва без падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі.

А ці вырастуць даходы?

За 10 месяцаў 2018 году рэальныя даходы беларусаў павялічыліся на 8,1% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам. Сёлета Савет міністраў прагназуе павелічэньне рэальных даходаў насельніцтва на 3,2%. Ці рэальныя такія пляны?

«Гаворка пра рэальныя даходы — перавышэньне намінальных даходаў над інфляцыяй, — тлумачыць Вадзім Іосуб. — Калі спрашчаць, даходы вырастуць на 3,4% больш за інфляцыю, а ня тое, што заробкі ўзьнялі на 3% і на столькі ж цэны. Важна, што прыбыткі ўвязваюцца з ростам прадукцыйнасьці працы. Іншымі словамі, штучна іх стымуляваць не зьбіраюцца: калі эканоміка будзе расьці, то можна разьлічваць і на рост рэальных даходаў у памеры 3,4%. Але калі зыходзіць з таго, што, хутчэй за ўсё, эканоміка на 4% ня вырасьце, то і рост рэальных даходаў чакаецца нашмат сьціплейшы, калі будзе ўвогуле. Тады як штучнае стымуляваньне без уліку тэмпаў росту эканомікі пагражае інфляцыяй і зьніжэньнем курсу рубля».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, заробак складае 64,1% даходаў усіх беларусаў. Сёлета ў кастрычніку намінальны налічаны сярэдні заробак склаў 999,7 рубля, рэальны заробак у параўнаньні з кастрычнікам 2017 году павялічыўся на 13%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG