Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт заклікаў Нямеччыну адмовіцца ад «Паўночнага патоку — 2»


Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў Нямеччыну «прыслухацца да асьцярогаў суседзяў» і адмовіцца ад будаўніцтва расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2».

Ведамства падтрымала рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, у якой сьцьвярджаецца, што будаўніцтва газаправоду ў абыход Украіны ўяўляе пагрозу для эўрапейскай энэргетычнай бясьпекі і зьяўляецца палітычным праектам Крамля.

Акрамя таго, у Дзярждэпартамэнце ЗША падтрымалі рашэньне Эўрапейскай Рады аб падаўжэньні санкцый у дачыненьні да Масквы з прычыны захопу расейскімі памежнікамі ўкраінскіх ваенных судоў і экіпажаў у Чорным моры.

У Маскве заяву Дзярждэпартамэнту назвалі ўмяшаньнем у справы сувэрэнных дзяржаваў.

13 сьнежня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў газаправод пагрозай для энэргетычнай бясьпекі. У дакумэнце гаворыцца, што ключавую ролю ў эўрапейскай сетцы энэргазабесьпячэньня адыгрывае Ўкраіна, а «Паўночны паток — 2» уяўляе пагрозу для эўрапейскай энэргетычнай бясьпекі.

12 сьнежня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла рэзалюцыю, у якой выступіла за ўвядзеньне санкцый у дачыненьні да датычных да будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» і заклікала эўрапейскія краіны адмовіцца ад удзелу ў праекце. У Вашынгтоне лічаць, што дывэрсыфікацыя крыніц энэргіі — ключ да захаваньня энэргетычнай незалежнасьці Эўропы.

«Паўночны пато к— 2» павінен прайсьці праз Балтыйскае мора ад узьбярэжжа Расеі да Нямеччыны. Увод у строй двух нітак трубаправоду, агульнай магутнасьцю 55 млрд куб. м. газу ў год, намечаны на канец 2019 году ў абыход Украіны. Будаўніцтвам газаправода займаецца Nord Stream 2 AG, якая належыць расейскаму «Газпрому». Заходнімі партнэрамі праекту зьяўляюцца нямецкія кампаніі Uniper і Wintershall, англа-галяндзкая група Royal Dutch Shell, француская Engie і аўстрыйская OMV. Кошт будаўніцтва «Паўночнага патоку-2» ацэньваецца ў 9,5 мільярда эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG