Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд абавязаў выплаціць 22 тысячы эўра чачэнскай сям’і, якую не пусьцілі ў Літву зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

У 2017 годзе чачэнская сям’я зь сямі чалавек некалькі разоў спрабавала трапіць зь Беларусі ў Літву і Польшчу, каб атрымаць прыстанішча. Чачэнцам адмовілі, і яны вярнуліся ў Расею, дзе галаву сям’і затрымалі. 11 сьнежня Эўрапейскі суд у правах чалавека абавязаў Літву выплаціць сям’і 22 тысячы эўра, бо літоўскія ўлады парушылі два артыкулы Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека.

Заяўнікам ад сям’і быў Мікіта Мацюшчанкаў, былы юрыст праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Як напісана ў камэнтары арганізацыі, суд зрабіў выснову, што літоўскія ўлады сапраўды не спрабавалі высьветляць, ці чачэнскай сям’і нешта пагражае на радзіме.

«Суд яшчэ раз падкрэсьліў неабходнасьць добрасумленнага разгляду просьбаў аб прыстанішчы, калі хто-небудзь зьвяртаецца з такой просьбай», — сказаў Мацюшчанкаў.

Уцекачы на вакзале ў Берасьці, чэрвень 2018 года
Уцекачы на вакзале ў Берасьці, чэрвень 2018 года

​Літоўскія ўлады мусяць выплаціць 22 тысячы эўра сям’і ўцекачоў. Аднак яшчэ ёсьць тры месяцы для перагляду рашэньня Эўрапейскага суду у правах чалавека.

Сытуацыя з чачэнскай сям’ёй апісаная ў рашэньні суду. Іхныя сапраўдныя імёны не раскрываюцца. Празь перасьлед у Расеі сям’я прыехала ў Беларусь увесну 2017 году.

М. А. раней працаваў у сыстэме дзяржаўнай бясьпекі, удзельнічаў у контратэрарыстычных апэрацыях. У сакавіку 2017 годзе яго прымусам прывезьлі ў паліцыю і прапанавалі стаць інфарматарам. Калі ён адмовіўся, пачалі катаваць: білі па нырках, выкарыстоўвалі электрашокер. Пасьля 5 дзён утрыманьня ў паліцыі ён пагадзіўся стаць інфарматарам.

У красавіку 2017 году М. А. разам з жонкай і пяцьцю дзецьмі прыехаў у Берасьце і прасіў прытулку для сям’і ў польскім Тарэспалі. Некалькі разоў сям’і адмовілі польскія памежнікі, а потым і літоўскія. Усе яны вярнуліся ў Чачню, дзе М. А. адразу затрымалі.

У студзені 2018 сям’я бяз бацькі прыехала ў Берасьце, а потым была прынятая польскімі памежнікамі ў Тарэспалі. Іх зьмясьцілі ў цэнтар утрыманьня ўцекачоў.

У сакавіку 2018 году М. А. пасьля вызваленьня з паліцыі прыехаў у Беларусь і таксама быў прыняты польскім бокам і зьмешчаны ў цэнтар утрыманьня ўцекачоў, дзе ён узьяднаўся са сваёй сям’ёй.​


Гэта пасыл усім краінам, якія адвольна адмаўляюць уцекачам

Уцекачы на вакзале ў Берасьці, 2016 гоа
Уцекачы на вакзале ў Берасьці, 2016 гоа

«Мы задаволеныя такім рашэньнем суду і спадзяёмся, што яно першае ў чарзе, і за ім будуць іншыя станоўчыя рашэньні ў аналягічных справах», — пракамэнтаваў вырак Аляксей Казьлюк, сузаснавальнік Human Constanta.

Паводле яго, гэта сыгнал для ўрадаў памежных краін, што стандарты правоў чалавека павінны мець прыярытэт перад палітычнай мэтазгоднасьцю і папулісцкай рыторыкай.

Хочацца спадзявацца, што выйграная справа паўплывае на ўлады Літвы і яны перагледзяць сваю практыку памежнага кантролю

«Хочацца спадзявацца, што выйграная справа паўплывае на ўлады Літвы і яны перагледзяць сваю практыку памежнага кантролю, — сказаў Мікіта Мацюшчанкаў. — Гэта вельмі важна, бо заяўнікі былі не адзінымі шукальнікамі прыстанішча, чые просьбы літоўскія памежнікі праігнаравалі».

Па словах Мацюшчанкава, рашэньні суду на карысьць уцекачоў пакуль выключныя. Ён прыводзіць у прыклад сытуацыю ў Тарэспалі, дзе памежнікі не прымалі прашэньня аб прыстанішчы ў гэтых уцекачоў нават тады, калі ЭСПЧ абавязваў зрабіць гэта.

«Эфэктыўнасьць скаргаў, якія тычацца ўцекачоў, на жаль, шмат у чым залежыць ад настрою ўладаў канкрэтнай краіны, — сказаў Мікіта Мацюшчанкаў. — Самы галоўны эфэкт ад гэтага рашэньня — гэта пасыл усім краінам, якія адвольна адмаўляюць уцекачам ў прыёме ў іх прашэньняў аб прыстанішчы, што справы супраць іх могуць быць выйграныя».

Свабода неаднаразова пісала пра сытуацыю з чачэнскім уцекачамі ў Берасьці. Штодня некалькі дзясяткаў уцекачоў едуць цягніком у Тарэспаль, дзе спрабуюць атрымаць прытулак. Але большасьці адмаўляюць без тлумачэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG