Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзяржава абмяжоўвае разьвіцьцё дабрачыннасьці ў Беларусі


Ілюстрыцыйная выява

У сусьветным рэйтынгу дабрачыннасьці World Giving Index 2018 Беларусь заняла 121 месца са 144. Ці азначае гэта, што дабрачыннасьць у Беларусі не папулярная? Ці стымулюе яе дзяржава?

У 2017 годзе ў гэтым рэйтынгу краіна знаходзілася на 117 месцы. Такія дадзеныя падае міжнародны дабрачынны фонд Charities Aid Foundation (CAF).

Паводле сёлетняга індэксу, 21% жыхароў Беларусі за мінулы год ахвяравалі грошы на дабрачыннасьць. Дапамагалі незнаёмцам 31% грамадзян, а трацілі час на валянтэрства 19%.

Узначальвае сьпіс найлепшых па дабрачыннасьці краін Інданэзія, на другім месцы — Аўстралія, на трэцім — Новая Зэляндыя.

Якая сытуацыя ў суседніх краінах? Літва заняла 138 месца, Латвія — 137, Польшча — 112, Расея — 110 і Ўкраіна — 81.

У Беларусі пытаньні дабрачыннасьці часткова рэгулююцца нормамі Грамадзянскага кодэксу, указам «Аб прадстаўленьні і выкарыстаньні спонсарскай дапамогі» і дэкрэтам «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе».

Што кажа беларускае заканадаўства?

  • велічыня ахвяраваньня не абмяжоўваецца;
  • ахвяраваць можна і грошы, і тавары;
  • ахвяраваньне ад грамадзяніна можа выклікаць пытаньні падатковай, калі яно значна перавышае памер заробку;
  • грошы не абкладаюцца падаткам, але ў прызначэньні плацяжу трэба ўказаць, што ён бязвыплатны;
  • грошы павінны выкарыстоўвацца толькі па мэтавым прызначэньні. Калі яно не пазначана, то на статутныя задачы;
  • без усялякіх умоваў прымаюцца грошы ад тых, хто стала жыве ў Беларусі ці мае від на жыхарства;
  • ахвяраваньні ад тых, хто не жыве ў Беларусі, асобаў без грамадзянства ці з пашпартам сэрыі РР, трэба рэгістраваць як замежную бязвыплатную дапамогу ў Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Ён вырашае, ці абкладаць падаткам. Рэгістрацыя можа цягнуцца месяц;
  • ананімныя ахвяраваньні з-за мяжы трэба рэгістраваць;
  • ахвяраваньне ад юрасобы, якая не зьяўляецца рэзыдэнтам Беларусі, трэба рэгістраваць;
  • скрынка для ахвяраваньняў павінна быць апячатаная. Яе ўскрывае камісія і пасьля падліку грошай складае акт з пазначэньнем сумы, потым прыходны ордэр.

«Людзі гатовыя падтрымліваць сацыяльныя праекты»

Спосабы збору ахвяраваньняў могуць быць розныя — ад краўдфандынгу, банкаўскага рахунку ці СМС да скрынкі, сказала Свабодзе заснавальніца дабрачыннай арганізацыі «ІмёныМэдыя» (вядомай па онлайн-часопісе «Имена») Кацярына Сінюк. За 2,5 года дзейнасьці яе ахвярадаўцамі сталі каля 40 тысяч чалавек.

​«Людзі гатовыя рабіць ня толькі разавыя пераводы, але і афармляць падпіскі, штомесяц рабіць сьпісаньні з карткі, — кажа Кацярына Сінюк. — На Захадзе людзей, якія фінансуюць цэлую арганізацыю ці фонд, усяго 10–13%. А ў нас цэлы шэраг арганізацый атрымлівае фінансаваньне практычна толькі за кошт асобаў. Калі я запускала праект, нават не магла сабе ўявіць, што людзі настолькі гатовыя падтрымліваць сацыяльныя праекты. Прычым мы яшчэ рухаліся толькі праз фэйсбук, на шырэйшую аўдыторыю пакуль не выходзілі. Сярэдні чэк па „Именах“ складае 16,3 рубля. Зразумела, настаўнік, урач, мэдсястра ахвяруюць 3, 5, 10 рублёў, а людзі зь бізнэсу могуць аформіць штомесячнае сьпісаньне на 200–300 рублёў».

«Імёны» плянуюць больш актыўна далучаць да дабрачыннасьці бізнэс, чые ахвяраваньні пакуль складаюць 20%. Таксама арганізацыя хоча рэарганізавацца ў фонд, які будзе займацца двума асноўнымі кірункам:

  • запускаць пілётныя сацыяльныя праекты і разьвіваць іх да самастойных фондаў, ствараць інфраструктуру дабрачыннасьці;
  • разам зь дзяржавай распрацаваць законы, якія б стымулявалі людзей і бізнэс да дабрачыннасьці. І ўносіць зьмены ў дзейныя законы, калі тыя перашкаджаюць рэалізоўваць дабрачынныя праекты.

Краіны Захаду папулярызуюць дабрачыннасьць​ праз падатковыя вылікі

Кацярына Сінюк параўноўвае ўмовы для дабрачыннасьці ў Беларусі і ў эўрапейскіх краінах.

«У заходніх краінах заканадаўства стварае кучу падатковых ільготаў. Для бізнэсу ёсьць падатковыя вылікі. То бок частку падаткаў яны могуць накіроўваць на дабрачыннасьць. У Эўразьвязе фізычныя асобы таксама вызваляюцца ад часткі падаходнага падатку. Дзяржава, раскрываючы гэтыя дэклярацыі па выніках году, сама прапануе (такое бачыла ў Варшаве) выбраць фонд, куды можна накіраваць гэты падатковы вылік — тое, што пойдзе не ў казну, а ў нейкі фонд. То бок дзяржава папулярызуе дабрачыннасьць. У Беларусі няма практычна ніякіх спрыяльных умоваў».

Паводле Кацярыны Сінюк, у Беларусі заканадаўства трэба ня тое што мяняць, яго трэба ствараць.

«Асобным законам не прапісаны падатковыя льготы для фізычных і юрыдычных асобаў, каб заахвоціць іх удзел. Таксама неабходна спрасьціць або адмяніць рэгістрацыю замежных плацяжоў у Дэпартамэнце. У нас асобны чалавек займаецца менавіта рэгістрацыяй плацяжоў з-за мяжы па 3–5 даляраў. І гэта вельмі нязручна.

Нам цяжка тут хадзіць і рэгістраваць кожны даляр замежнай падтрымкі

То бок будзе значная перашкода з боку дзяржавы, калі пойдзе вялікая плынь такіх ахвяраваньняў і мы ня ўправімся з рэгістрацыяй. Людзям за мяжой зручна, а нам цяжка тут хадзіць і рэгістраваць кожны даляр. Пакуль упраўляемся, але што будзе далей, няясна. Мы носім кучу дакумэнтаў, і рэгістрацыя можа зацягнуцца нават да месяца.

Таксама ўказ №300 стварае масу абмежаваньняў. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны спонсара-юрасобы і некамэрцыйнай арганізацыі. Там таксама шэраг розных абмежаваньняў. Калі, напрыклад, бізнэс хоча дапамагчы праекту з жывёламі, патраціць грошы на заробкі каардынатараў, якія даглядаюць жывёл, то гэта закон забараняе».

«Правіла аднаго працэнту»

Дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Віталь Дабраловіч сказаў Свабодзе, што ўнутры краіны займацца дабрачыннасьцю проста, а вось з замежнымі ахвяраваньнямі працаваць няпроста.

Дабрачынная акцыя «Карытас» у Глыбоцкім раёне для маламаёмных і шматдзетных сем’яў
Дабрачынная акцыя «Карытас» у Глыбоцкім раёне для маламаёмных і шматдзетных сем’яў

«Для выкарыстаньня сродкаў, якія прыходзяць з-за мяжы, трэба прайсьці нялёгкую кухню ў прыгатаваньні цэлага стосу папер, пагадненьняў. І гэта не прыносіць вялікай радасьці ані нам, розным дабрачынным аб’яднаньням, ані людзям, якія працуюць у розных чыноўніцкіх адміністрацыях. Бо ўсе разумеюць, што гэта шмат непатрэбнай працы з паперкамі. І гэта не было б так страшна, калі б не зацягвалася ў часе і, адпаведна, не стварала складанасьці ў рэалізацыі дабрачынных акцый і праектаў. Таксама няма супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі ў рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу», — кажа ксёндз Віталь Дабраловіч.

У «Карытас» паступаюць ахвяраваньні ад грамадзянаў Беларусі, але большая частка з-за мяжы.

«Нашы людзі добрыя сэрцам, і яны ахвотна дапамагаюць. І калі б былі створаныя пэўныя нарматыўныя магчымасьці з боку дзяржавы, як у краінах Заходняй Эўропы, то можна было б вельмі шмат зрабіць. Тое ж „правіла аднаго працэнту“, калі людзі маюць права пералічыць адзін працэнт падаходнага падатку на тую сацыяльную арганізацыю, якую яны самі абіраюць», — кажа дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG