Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расіянка Марыя Буціна заключыла з пракуратурай ЗША пагадненьне аб прызнаньні віны


Марыя Буціна
Марыя Буціна

Арыштаваная ў ЗША расіянка гатовая пацьвердзіць, што яна дзейнічала ў якасьці замежнага агента без рэгістрацыі ў міністэрстве юстыцыі ЗША.

Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі.

Фэдэральныя пракуроры заключылі пагадненьне аб прызнаньні віны з Марыяй Буцінай — грамадзянкай Расеі, якая выкарыстоўвала сваю зацікаўленасьць правам на валоданьне зброяй і сувязі з Рэспубліканскай партыяй для правядзеньня неафіцыйнай кампаніі ўплыву на тэрыторыі ЗША.

Буціна пагадзілася прызнаць сваю віну паводле аднаго пункту абвінавачваньня — у змове з мэтай працы ў якасьці расейскага агента на амэрыканскай тэрыторыі без рэгістрацыі, як таго патрабуе міністэрства юстыцыі.

Ёй пагражае да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня, але пры вынясеньні прысуду ў наступным годзе ёй можа быць прызначанае значна мякчэйшае пакараньне.

Буціна знаходзіцца пад вартай ад моманту яе арышту ў ліпені сёлета і сядзіць у адзіночнай камэры ў цэнтры ўтрыманьня зьняволеных пад Вашынгтонам.

Буціна пагадзілася супрацоўнічаць з фэдэральнымі пракурорамі, у тым ліку даць паказаньні вялікаму журы прысяжных, калі спатрэбіцца.

Яе рамантычны партнэр Пол Эрыксан фігуруе ў судовых дакумэнтах, як удзельнік змовы, які кансультаваў Буціну па ключавых праблемах і рэспубліканскіх палітычных фігурах. Яму ніякія абвінавачваньні ня выстаўленыя, але, паводле некаторых зьвестак, пракуроры ў Вашынгтоне і Паўднёвай Дакоце, родным штаце Эрыксана, расьсьледавалі яго дзейнасьць на працягу некалькіх месяцаў.

Меркаваным куратарам Буцінай зьяўляецца расейскі чыноўнік Аляксандар Торшын.

Ён наведваў мноства канфэрэнцый Нацыянальнай стралковай асацыяцыі ў ЗША, але, як мяркуецца, вярнуўся ў Расею. Паводле нядаўніх паведамленьняў СМІ, ён сыходзіць са сваёй пасады ў Цэнтральным банку РФ.

Пагадненьне аб прызнаньні віны, якое патрабуе ўхвалы судзьдзі Тані Чуткан, прадугледжвае, што Буціна застанецца пад вартай і можа быць дэпартаваная пасьля адбыцьця пакараньня.

​Справа Буцінай прыцягнула міжнародную ўвагу пасьля таго, як пракуроры абвінавацілі яе ў спробе выкарыстоўваць хітрыкі сэксуальнага характару ў інтарэсах кампаніі расейскага ўплыву, якую яна праводзіла.

Зрэшты, пазьней пракуратура ЗША адмовілася ад гэтых сьцьвярджэньняў, пасьля таго як адвакат абароны Робэрт Дрыскал даказаў, што нібыта сэксуальныя намёкі ў электроннай перапісцы паміж Буцінай і яе сябрам былі проста жартамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG