Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 схаваных прычын, чаму вы ня можаце схуднець. Адна зь іх — сябры


Вы ўжо не п’яце салодкія газаваныя напоі, не ясьце шкодную ежу і рэгулярна ходзіце ў трэнажорную залю, але лічба на вагах стаіць на месцы або нават паўзе ўверх. Што ж сабатуе вашы намаганьні?

Пра гэта на сайце sharecare. com піша яго аўтарка Бэс Уорд.

У якасьці экспэрта журналістка папрасіла выступіць доктара мэдыцыны Томаса Браўна з гораду Дэнвэр (ЗША).

1. Прыём лекаў

Калі вы прымаеце лекі ад дэпрэсіі, сутаргаў, мігрэні або дыябэту, яны могуць замінаць пахудзеньню і захаваньню дасягнутых у гэтым працэсе вынікаў. Такі самы эфэкт могуць мець і некаторыя лекі ад алергіі і так званыя бэта-блякатары для хваробаў сэрца.

Але ні ў якім разе ня трэба раптоўна спыняць прыём тых або іншых лекаў. Варта параіцца са сваім лекарам, які ў выпадку патрэбы дапаможа знайсьці альтэрнатыву.

2. Некаторыя хваробы

Пэўныя праблемы са здароўем таксама могуць быць прычынай адсутнасьці прагрэсу ў страце вагі.

  • Напрыклад хворая шчытападобная залоза можа запавольваць мэтабалізм.
  • Сындром полікістозных яечнікаў уплывае на ўзровень інсуліну, што таксама перашкаджае целу скідваць вагу.
  • Сындром Кушынга, які павялічвае выпрацоўку картызолу, таксама спрыяе падвышэньню вагі.
  • Устойлівасьць да інсуліну — яшчэ адна прычына набору лішніх кіляграмаў.

Калі вы лічыце, што стан здароўя перашкаджае вам схуднець, то і тут варта параіцца зь лекарам.

3. Мэнапаўза

Частая зьмена ўзроўню гармонаў у арганізьме, зьвязаная з мэнапаўзай, таксама ўносіць свой уклад ў захаваньне і падвышэньне вагі.

Дасьледаваньні паказваюць, што зьмены ўзроўню гармонаў прымушаюць цела захоўваць больш тлушчавых клетак у вобласьці жывата.

Падчас мэнапаўзы ў арганізьме таксама запавольваецца мэтабалізм.

Але для барацьбы з гэтым узроставым ускладненьнем дастаткова быць фізычна актыўным прынамсі 20 хвілін кожны дзень і зьменшыць спажываньне цукру ды іншых хуткіх вугляводаў.

4. Сябры

Добра, калі ў вас ёсьць сябры, якія матывуюць вас на страту вагі, заняткі спортам і здаровы лад жыцьця. Але бывае і так, што замест спартовай залі сябры клічуць вас на піва пасьля працы.

Дасьледчыкі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту выявілі, што калі вы маеце сябра з дыягназам «атлусьценьне», то рызыка, што і вы атрымаеце такі самы дыягназ, складае 57%. А ў выпадку, калі гэта блізкі сябар — рызыка атлусьценьня ўзрастае на 171%!

Адказ на пытаньне, чаму так адбываецца, дагэтуль невядомы. Але навукоўцы мяркуюць, што ў гэтым выпадку залішняя вага не зьяўляецца для вас непрымальнай сацыяльнай нормай.

Варта сябраваць зь людзьмі, якія маюць здаровыя звычкі.

5. Стрэс

Стрэс здольны нават падвоіць вагу чалавека.

Стрэс павышае ўзровень картызолу, што, у сваю чаргу, павялічвае апэтыт. Апрача гэтага, стрэс прымушае нас спажываць так званую эмацыйную ежу — слодычы, прысмакі і чыпсы, багатыя на вугляводы і тлушчы.

Таксама стрэс перашкаджае нармальнаму сну, а дасьледаваньні паказваюць, што недахоп сну спрыяе атлусьценьню

Сёньня лекары сьцьвярджаюць, што фізычныя практыкаваньні зьяўляюцца найлепшым спосабам барацьбы са стрэсам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG