Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя электронныя пашпарты беларусам паабяцалі выдаць у 2019 годзе


Магчымы выгляд беларускіх ID-картак (зьверху) і біямэтрычных пашпартоў (зьнізу)

Спачатку так і плянавалася, але месяц таму ўвядзеньне ID-картак адклалі на 2020 год. Цяпер сьцьвярджаюць, што выдаваць электронныя пашпарты пачнуць усё ж у 2019-м.

Як расказаў дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ першы намесьнік міністра сувязі Дзьмітры Шадко, у ведамстве «разьлічваюць, што ўсе работы будуць выкананыя ў 2019 годзе», — тады і пачнуць выдаваць першыя ID-карты.

Іх будуць даваць як тым, каму сапраўды трэба мяняць пашпарт, так і тым, хто проста захоча «свой папяровы памяняць на больш модны, прыгожы, кампактны, зручны электронны», дадаў Шадко. На пытаньне пра тое, хто атрымае першы электронны пашпарт, ён параіў «запісвацца ў чаргу», бо «ахвочыя ёсьць». Але, сказаў ён, усё адбудзецца «не за дзень і не за два».

Раней паведамлялася, што выкарыстоўваць самі ID-карты як банкаўскія або як праязныя дакладна не зьбіраюцца: яны прызначаныя для іншага тыпу чытальных прыладаў.

Паводле Шадко, да канца 2020 году заплянаванае ўкараненьне новага варыянту Агульнадзяржаўнай інфармацыйнай сыстэмы і стварэньне Інтэграванай сэрвісна-разьліковай сыстэмы. Другую ён называе «аналягам пашпарта ў выглядзе карткі», якая будзе мець электронны лічбавы подпіс і дасьць людзям «ключ» да «вялікай колькасьці лічбавых магчымасьцяў».

Шадко дадаў, што «нельга казаць, што 100% паслуг да канца 2020 году будуць ужо праактыўныя, але некаторыя мы напэўна пабачым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG