Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом, які ацалеў дзякуючы Багдановічу. Новае падарожжа Зьмітра Бартосіка — у расейскі Яраслаўль


Гэты дом на вуліцы Чайкоўскага ў Яраслаўлі сваёй старасьвецкасьцю кідаецца ў вочы адразу. Дом гэты павінны былі зьнесьці на пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але на гарышчы быў знойдзены стары партфэль. Які і ўратаваў дом ад зносу.

У партфэлі ляжалі старыя дамавыя кнігі. З плянам будынка і са сьпісам ягоных жыхароў. І высьветлілася, што з 1912 па 1914 год у гэтым доме жыў банкаўскі служачы Адам Багдановіч. Бацька Максіма Багдановіча. Факт пражываньня ў доме клясыка беларускай літаратуры стаў для яраслаўскіх краязнаўцаў галоўным козырам у барацьбе за захаваньне дому. І ўлады адступілі. Пагадзіліся ня зносіць стары дом цалкам, а толькі перанесьці яго на супрацьлеглы бок вуліцы. Праз шэсьць гадоў у старым доме адкрыўся музэй паэта.

Напэўна, гэта самы аўтэнтычны дом Багдановіча. Бо гэтыя сьцены памятаюць ягоныя крокі. Ля вакна вісіць падарунак Максіма Горкага — геліягравюра Рафаэлевай «Мадонны», на якую ён неаднойчы глядзеў. У куце стаіць бацькава кніжная шафа, якую ён не аднойчы адчыняў.

Чорны куфар таксама памятае дотык ягоных рук.

А ці не за гэтым раскошным абрусам стваралася «Вераніка»?

На працоўным стале ляжыць часопіс «Украинская жизнь» з артыкулам Максіма і ягоным аўтографам. Каліграфічны почырк і тут жа памылка. «Уважаему» замест «уважаемому».

Але паслухаць у гэтым доме ня менш цікава, чым паглядзець. Маладая супрацоўніца музэю паведаміла мне тое, пра што ў Беларусі я ніколі ня чуў.

«Ці ведаеце вы, кім з сыноў Адам Ягоравіч найбольш ганарыўся? Каго лічыў будучым праславіцелем прозьвішча Багдановічаў?»

Я, вядома, ня ведаў. Называць Максіма не выпадала. Я ведаў, што ў сям’і ягонае захапленьне беларускай культурай успрымалася як дзівацтва. Але хто ж тады? У Максіма было два родныя браты. Старэйшы Вадзім і малодшы Леў. Вадзім, абсалютны лявак, анархіст і эсэр, які марыў пра бомбы і тэракты, памёр ад сухотаў у Ніжнім Ноўгарадзе ў 18 гадоў, так нікога і не забіўшы. Значыць, Леў? Тым больш ягоны партрэт красуецца на відным месцы. А побач — «Курс алгебры», якім узнагародзіла юнага матэматыка пэдагагічная рада гімназіі.

Леў Багдановіч
Леў Багдановіч

«Менавіта, Львом больш за ўсё ганарыўся бацька! — з радасьцю сказала Кацярына. — Матэматык! Патрыёт Расіі! Манархіст! Які ў 1914 годзе кінуў унівэрсытэт і добраахвотнікам пайшоў у вайсковую вучэльню. Потым фронт. Брусілаўскі прарыў. Раненьне. Кіеўскі шпіталь. І ў жніўні 1918 году жахлівая сьмерць. Яго, як і іншых расейскіх афіцэраў, выкінулі з вакна, з чацьвёртага паверху».

«А хто выкінуў?» — «Ня ведаю. Можа, бальшавікі, а можа, пятлюраўцы».

Я паглядзеў на апошні пашпарт Адама Багдановіча. Дзе з мутнага фатаздымку глядзеў ужо не прыгажун-мужчына, а схуднелы, падобны да зварʼяцелага Гогаля, неахайны дзед з разгубленым позіркам. Было ў бацькі тры сыны. (Насамрэч, больш. Але ня ў гэтай гісторыі.) Адзін — палымяны рэвалюцыянэр. Другі — нейкі бажаволак, што захапіўся паміраючай мовай. А вось трэці — краса і гонар фаміліі! Патрыёт, афіцэр, герой! Але які ж паварот лёсу. Дажываў свой век стары і быў цікавы астатнім — найперш як бацька гэтага недарэкі, бажаволка. І нават яраслаўскі дом захаваўся як часьціна беларускай культуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG