Амэрыканская кампанія Microsoft выдаліла рэклямны ролік з удзелам расейскага актора Івана Ахлабысьціна. Пра гэта паведаміла расейская служба Бі-Бі-Сі.
У Microsoft заявілі, што кампанія «падтрымлівае прынцыпы разнастайнасьці і інклюзіўнасьці ў кожным аспэкце сваёй працы», і выдалілі ролік са свайго сайту і афіцыйнай старонкі ў YouTube.
У рэкляме Microsoft Ахлабысьцін ў мэдычным халаце расказаваў, што трэба купляць толькі ліцэнзійнае праграмнае забесьпячэньне. Ролік быў апублікаваны 19 лістапада. Сам Ахлабысьцін не адказаў на просьбу Бі-Бі-Сі пракамэнтаваць выдаленьне рэклямы, а яго прадстаўнік заявіў, што ў заходніх кампаній нібыта «прадузятае стаўленьне» да актора.
Іван Ахлабысьцін неаднаразова рэзка выказваўся супраць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. У прыватнасьці, ён прапаноўваў «жыўцом запхаць іх у печку». Пасля прадстаўленьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве Ахлабысьцін назваў Канстантынопальскі патрыярхат «прадажнымі стварэньнямі» і заклікаў іх «душыць».