Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія харчы Беларусь хоча пастаўляць у Эўразьвяз


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Сталы прадстаўнік Беларусі пры Эўразьвязе Аляксандр Міхневіч сустрэўся з эўракамісарам па ахове здароўя і бясьпецы харчаваньня Віцянісам Андрукайцісам.

Перамовы адбыліся зь ініцыятывы беларускага боку, паведамляе пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бэльгія.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытаньні «ліквідацыі нетарыфных гандлёвых бар’ераў ЭЗ, якія перашкаджаюць пастаўкам беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на эўрапейскі рынак, у тым ліку атрыманьня беларускімі прадпрыемствамі права на экспарт птушкі ў Эўразьвяз, а таксама на транзыт праз яго тэрыторыю мяса буйной рагатай жывёлы».

Абмяркоўваліся таксама пытаньні доступу эўрапейскай харчовай прадукцыі на рынкі Беларусі і ЭАЭС, паведамляе БелаПАН.

«Бакі прааналізавалі працу, праведзеную экспэртамі Беларусі і ЭЗ пасьля рабочага візыту эўракамісара ў Рэспубліку Беларусь 27–28 жніўня сёлета і яго сустрэч з кіраўніцтвам беларускага ўраду, Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя і МЗС, — паведамілі ў пасольстве. — Па выніках сустрэчы дэлегацыі вызначылі парадак дзеяньняў, якія трэба прыняць у першую чаргу для дасягненьня хутчэйшага кампрамісу ў пытаньнях, што цікавяць абодва бакі».

Таксама амбасада паведамляе, што дасягнутая дамоўленасьць аб працягу дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ па гэтай тэматыцы.

Як адзначае выданьне «Заўтра тваёй краіны» эўрапейскі рынак застаецца закрытым для беларускіх вытворцаў як зьнешнімі (абарона ўласных інтарэсаў кампаній), так і ўнутранымі барʼерамі (невысокая канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў).

Выключэньне складаюць алей і дары беларускіх лясоў, якія эўрапейцы ахвотна прымаюць — грыбы, ягады, сьлімакі. Па выніках 2016 году менавіта расьлінная харчовая прадукцыя зь Беларусі карысталася найбольшай папулярнасьцю ў Эўразьвязу.

Іншымі істотнымі для беларускіх кампаній экспартнымі пазыцыямі ў 2016 годзе сталі пастаўкі моцнага алькаголю і піва. У першым выпадку галоўнымі пакупнікамі былі Літва і Латвія, беларускае піва купляюць літоўскія сеткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG