Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Экспарт у краіны Эўразьвязу ў 2017 годзе вырас на 27%, таваразварот з Кітаем дасягнуў амаль 3 млрд даляраў


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію кітайскаму інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа» расказаў пра замежную палітыку Беларусі і разьвіцьцё гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэньне экспарту зь іншымі краінамі, паведамляе прэс-служба МЗС.

«Мы актыўна імкнуліся разьвіваць сувязі з Эўрапейскім зьвязам. Хачу прывесьці толькі толькі адзін факт: у нас экспарт у краіны Эўразьвязу вырас на 27%», — сказаў Макей у адказ на пытаньне пра разьвіцьцё стасункаў з краінамі Захаду.

Ён падкрэсьліў, што дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам разьвіваюцца вельмі дынамічна.

На пытаньне пра адносіны з Кітаем, Уладзімер Макей таксама адзначыў актыўнае разьвіцьцё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і сказаў, што Кітай зьяўляецца для Беларусі «вельмі важным, стратэгічным партнэрам»:

«Паказальным зьяўляецца тое, што за гэтыя 25 гадоў нашых дыпляматычных дачыненьняў наш таваразварот вырас амаль у 100 разоў. Удумайцеся, гэта вельмі сур’ёзная лічба. Па выніках 11 месяцаў мінулага году мы дасягнулі таваразвароту амаль 3 млрд даляраў», — адзначыў міністар.

Паводле Макея, найперш Беларусь працягвае разьвіваць кантакты з «найбліжэйшым асяродзьдзем»: з Расеяй, з Эўразійскім эканамічным саюзам, з краінамі СНД, з Арганізацыяй Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, але імкнецца разьвіваць сувязі і з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, а таксама знайшла новых партнэраў у Афрыцы і ў Лацінскай Амэрыцы.

Паводле дадзеных Белстату па зьнешнім гандлі Беларусі за 2016 год (статыстыка за 2017 год пакуль не апублікаваная), экспарт тавараў Беларусі склаў каля 23,54 млрд даляраў, зь іх каля 14,65 млрд — з краінамі СНД (у тым ліку каля 10,95 млрд даляраў — з Расеяй), з іншымі краінамі «па-за СНД» — 11,65 млрд.

Калі паглядзець статыстыку па асобных краінах па-за СНД, дык найбольш у 2016 годзе Беларусь экспартавала ў краіны Эўразьвязу: Вялікую Брытанію — 1079,7 млн даляраў ЗША, Нямеччыну — 944,3 млн, Нідэрлянды — 926,9 млн, Польшчу — 814,5 млн і Літву — 767 млн, пасьля іх найбольшымі па велічыні экспарту зьяўляюцца Кітай (472,7 млн даляраў) і Бразылія — 441 млн даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG