Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта як лятарэя». Як радыяактыўныя грыбы зь Беларусі маглі трапіць у Францыю


Грыбы прадаюцца ў Гомлі
Грыбы прадаюцца ў Гомлі

У Францыі зьнішчаць 3,5 тоны беларускіх грыбоў, забруджаных цэзіем-137. Свабода разьбіралася, як радыяактыўныя грыбы маглі трапіць зь Беларусі ў Францыю.​

Прадстаўнік Францускага інстытуту ядзернай бясьпекі IRSN кажа, што некалькі дзён таму мытнікі выявілі цэзій-137 у партыі грыбоў зь Беларусі, якая імпартавалася ў Францыю празь нямецкі Франкфурт.

«Адзін раз пападзесься — і бізнэс закрыты»

Адзін з буйных беларускіх пастаўшчыкоў грыбоў за мяжу — «Фірма Мока». Начальнік аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мікалай Цімашэнка сказаў карэспандэнту Свабоды, што грыбы пастаўляюцца ў Нямеччыну, Францыю, Італію, Швайцарыю, Бэльгію, Галяндыю і іншыя эўрапейскія краіны.

Ён кажа, што «Фірма Мока» ня мае дачыненьня да затрыманай у Францыі партыі грыбоў. А канкурэнтаў у Беларусі, якія таксама экспартуюць грыбы за мяжу, налічваецца каля 30.

Але як забруджаныя радыяцыяй грыбы маглі трапіць у Францыю?

«Нават не разумею, як гэта магло здарыцца. Кантроль вядзецца ў Беларусі і за межамі», — кажа суразмоўца.

Паводле Мікалая Цімашэнкі, забруджаныя грыбы трапляюцца рэдка, але яны абавязкова сартуюцца і ўтылізуюцца.

Замер радыяцыі дазымэтрам
Замер радыяцыі дазымэтрам

«Нарыхтоўшчыкі прывозяць грыбы, а нашы прыёмшчыкі правяраюць кожную скрынку па 8–10 кіляграм з адмысловым прыборам, — кажа прадстаўнік кампаніі — пастаўшчыка грыбоў. — У Эўропе дапушчальная норма для грыбоў — 600 бэкерэляў на кіляграм. А ў нас гэтая норма меншая, прыкладна 200–300 бэкерэляў на кіляграм. Пры адгрузцы ў кожнай машыне кіроўца мае сэртыфікат, выдадзены цэнтрам стандартызацыі. Яны прысутнічаюць пры загрузцы, бяруць узоры грыбоў і замяраюць. На межах таксама выбарачна правяраюць».

Паводле Цімашэнкі, за 20 гадоў працы фірмы ніводнага разу не было такой гісторыі з грыбамі, якая цяпер здарылася ў Францыі.

«Гэта небясьпечна. Адзін раз пападзесься — і лічы, што бізнэс закрыты. У цябе больш ніхто гэтыя грыбы ня возьме», — кажа ён.

«І ў Стаўпецкім раёне трапляецца грыб, забруджаны радыяцыяй»

Дырэктар фірмы «Біёнік плюс Мінск» Міхаіл Паўхлеб сказаў Свабодзе, што ягоная фірма займаецца пастаўкамі грыбоў на ўнутраны рынак.

— Наша фірма мае нарыхтоўшчыкаў у Стаўпецкім раёне. На жаль, і ў Стаўпецкім раёне бывае грыб, забруджаны радыяактыўнымі элемэнтамі. Але ж ня так, як на Гомельшчыне. У нас невялікі аб’ём паставак — 500 кіляграмаў грыбоў на тыдзень. А тыя фуры па 5–7 тон, якія ідуць на Эўропу, — гэта іншы, ня наш бізнэс.

— А як, на вашу думку, забруджаныя беларускія грыбы маглі дайсьці ажно да Францыі?

Продаж грыбоў пры шашы Гомель-Кобрын
Продаж грыбоў пры шашы Гомель-Кобрын

​— Чалавечы фактар. Калі для сэртыфікату пробы былі ўзятыя павярхоўна, гэта як лятарэя. Можа, нешта недзе было прыхавана. Можа, францускія мытнікі больш уважліва праверылі ўсю партыю. Але ж гэта цягне ў нас за сабой вельмі жорсткія меры. Забруджаны грыб утылізуецца, правяраецца прадпрыемства. За кантроль якасьці адказвае прадпрыемства, а не лябараторыя, як было раней.

Але зрабіць такую схему, каб на рынак пайшоў і брудны грыб, можна ўсяляк, без праблем. Ніхто па рынку ня ходзіць і не правярае. У нас за ўвесь сэзон, можа, толькі трое пакупнікоў зьвярнуліся ў санстанцыю і праверылі нас. І грыб быў якасны. Але гэта тычыцца продажу ўраздроб. А калі фура, то сытуацыя, відаць, іншая.

Дзе ў Беларусі правяраюць грыбы на радыянукліды і выдаюць экспартныя сэртыфікаты?

У Беларускім дзяржаўным інстытуце мэтралёгіі ёсьць аддзел замераў іянізуючых выпраменьваньняў. Там Свабодзе сказалі, што сэртыфікат можна ўзяць у любой акрэдытаванай лябараторыі, якіх мноства ў Беларусі. Што да выпадку з грыбамі ў Францыі, то гэта пытаньні да тых, хто прапускае празь мяжу.

«Ніякай гарантыі, што ў іх наогул быў гэты сэртыфікат», — сказалі нам у аддзеле.

Ня выключана, што забруджаныя беларускія грыбы, якія затрымалі ў Францыі, трапілі туды праз Расею.

У кампаніі «Стандарт якасьці», якая працуе па тэрыторыі Мытнага саюзу, сказалі, што сэртыфікат выдаецца не абавязкова на кожную партыю прадукцыі. Фірма можа яго атрымаць ад эўрапейскай лябараторыі на пэўны пэрыяд і далей сама кантраляваць якасьць.

«Магчыма, яны атрымалі сэрыйны сэртыфікат, як гэта ёсьць па эўрапейскіх нормах. Адзін раз праверылі і на год выдалі. Першае, што яны паставілі, было нармальным, а потым прывезьлі нешта забруджанае. Такое таксама бывае», — сказаў спэцыяліст па сэртыфікацыі Яўген Гайкевіч.

Чарга на памежным пераходзе Каменны Лог
Чарга на памежным пераходзе Каменны Лог

Начальнік аддзелу ўнутранага і зьнешняга карантыну галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі Віктар Варэнік кажа, што ягоная ўстанова кантралюе толькі тое, што ўвозіцца на тэрыторыю ЭўрАзЭС. Прычым кантролем радыянуклідаў там не займаюцца. Раней Германія не патрабавала нават фітасанітарнага сэртыфікату (хваробы, шкоднікі, пустазельле) на салёныя грыбы ў бочках альбо на замарожаныя.

«Наогул, калі едуць у Нямеччыну, то кантралюе на ўезд фітасанітарная служба Польшчы. І калі патрабуецца фітасанітарны сэртыфікат, яны не ўпускаюць ці вяртаюць. Калі ўсё нармальна, звычайна прапускаюць», — кажа Віктар Варэнік.

Грыбны бум і цэзій

Сёлетні сэзон у Беларусі выдаўся незвычайна багатым на грыбы.

Лісічкі зь беларускага лесу
Лісічкі зь беларускага лесу

Людзі зьбіралі рэкордныя ўраджаі, часта не зважаючы на бясьпеку: паводле экспэртаў, больш за траціну ад правераных сьвежых грыбоў у Беларусі мелі недапушчальны ўзровень цэзію-137. Згодна з жнівеньскімі дадзенымі дзяржаўнай установы па ахове і маніторынгу лесу «Беллесаахова», 37% усіх пробаў сьвежых грыбоў мелі падвышаны ўзровень забруджаньня цэзіем-137 — 370 Бк/кг (РДУ-99).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG