Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя арганізацыі асудзілі новыя сьмяротныя пакараньні ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне
Ілюстрацыйнае фота. Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне

Міжнародныя арганізацыі выступілі з асуджэньнем двух новых сьмяротных пакараньняў у Беларусі — Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, пра якія стала вядома 27-28 лістапада, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Так, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЕ) ў чарговы раз асудзіла прымяненьне Беларусьсю сьмяротнага пакараньня. З адпаведнай заявай выступілі спэцдакладчык па адмене сьмяротнага пакараньня Іў Круштан і старшыня камітэту ў палітычных пытаньнях Рыя Амэн-Руйтэн.

«Сьмяротнае пакараньне — жорсткае і бесчалавечнае пакараньне, якое больш непрымальнае ў Эўропе. Акрамя таго, сакрэтнасьць, якая суправаджае пакараньне ў Беларусі, зьяўляецца асабліва сумнай практыкай, што наносіць моцныя псыхалягічныя пакуты сем’ям асуджаных», — гаворыцца ў заяве.

Круштан і Амэн-Руйтэн падкрэсьлілі, што пакараньні былі ажыцьцёўленыя, нягледзячы на тое што Камітэт ААН па правах чалавека прыняў да разгляду скаргі асуджаных і прасіў беларускія ўлады не прыводзіць прысуды ў выкананьне.

«Увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне — гэта пытаньне палітычнай волі, якое не патрабуе маштабных інстытуцыйных рэформаў. Мы зноў заклікаем беларускія ўлады прыняць усе неабходныя меры для спыненьня прымяненьня сьмяротнага пакараньня», — гаворыцца ў заяве.

З афіцыйным камэнтаром выступіла таксама прэс-служба Генэральнага сакратара Рады Эўропы:

«Сьмерць — гэта не правасудзьдзе. Сьмяротнае пакараньне ня мае даказанага стрымліваючага ўплыву на крымінагенную сытуацыю ў якой-небудзь частцы сьвету», — падкрэсьліваецца ў камэнтары, у якім улады Беларусі зноў заклікалі ўвесьці мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International таксама асудзіла выкананьне чарговых сьмяротных прысудаў у Беларусі. Дырэктарка арганізацыі па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс адзначыла:

«Мы былі ўражаныя, пачуўшы гэтую навіну. Літаральна некалькі тыдняў таму мы былі зь візытам у Беларусі, дзе абмяркоўвалі з уладамі іх магчымыя крокі да адмены сьмяротнага пакараньня».

Amnesty International чарговы раз заклікала Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротныя пакараньні ў якасьці першага важнага кроку да іх поўнай адмены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG