Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна папросіць Турэччыну закрыць праліў Басфор для караблёў Расеі


Украіна зьвернецца да ўладаў Турэччыны з просьбай закрыць праліў Басфор для расейскіх вайсковых караблёў — заявіў у чацьвер камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Ўкраіны Ігар Варончанка. Запыт зьвязаны з захопам Расеяй украінскіх ваенных караблёў у Керчанскім праліве — у Кіеве лічаць яго актам агрэсіі.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў інтэрвію нямецкай газэце Bild заявіў, што Ўкраіна заклікае краіны NATO накіраваць баявыя караблі ў Азоўскае мора. Па словах Парашэнкі, мэта дзеяньняў Расеі — усьлед за Крымам і Данбасам паспрабаваць адарваць ад Украіны яшчэ адзін кавалак тэрыторыі. «Адзіная мова, якую разумее Пуцін — гэта салідарнасьць Заходняга сьвету» — сказаў Парашэнка.

Прававы рэжым праліваў Басфор і Дарданэлы, якія вядуць у Чорнае і Міжземнае мора, рэгулюецца канвэнцыяй Мантро. У ёй пазначана, што Турэччына абавязаная прапускаць праз пралівы ваенныя караблі чарнаморскіх дзяржаў. Расейскія караблі Чарнаморскага флёту, якія ўдзельнічаюць у кампаніі ў Сырыі, неаднаразова апошнім часам праходзілі праз пралівы. Пры гэтым для ваенных караблёў нечарнаморскіх дзяржаваў (гэта значыць усіх краін NATO акрамя Турэччыны, Баўгарыі і Румыніі) уведзены істотныя абмежаваньні для праходу праліваў.

У канвэнцыі ўказана, што Турэччына мае права закрываць пралівы для судоў любой ваюючай дзяржавы падчас вайны або калі самой Турэччыне пагражае агрэсія.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган у чацьвер заявіў, што Турэччына можа адыграць ролю пасярэдніка паміж Кіевам і Масквой у сувязі з апошнім інцыдэнтам. У сераду Эрдаган гаварыў па тэлефоне як з Пятром Парашэнкам, так і з Уладзімірам Пуціным. Ён заявіў, што абмяркуе абвастрэньне сытуацыі ў Керчанскім праліве з Пуціным у Аргентыне, дзе абодва лідэры прымуць удзел у саміце «Вялікай дваццаткі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG