Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кіеў спадзяецца, што Беларусь застанецца нашым «гібрыдным саюзьнікам», — украінскі палітоляг


Аляксандар Лукашэнка і Пётар Парашэнка, 26 кастрычніка 2018 году, Форум рэгіёнаў, Гомель
Аляксандар Лукашэнка і Пётар Парашэнка, 26 кастрычніка 2018 году, Форум рэгіёнаў, Гомель

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — украінскі палітоляг, кандыдат палітычных навук, дацэнт Яўген Магда. Ён заяўляе, што на гэты раз Украіна гатовая да сур’ёзнага ваеннага процістаяньня з Расеяй, лічыць, што ваеннае становішча не перашкодзіць правесьці выбары ў 2019 годзе, і спадзяецца, што Захад не абмяжуецца толькі «выказваньнем глыбокага занепакоеньня».

«Украіна не зьбіраецца капітуляваць»

— Для людзей, якія ня вельмі пільна з замежжа сочаць за ўкраінска-расейскім канфліктам, цяперашняе абвастрэньне сытуацыі ў Азоўскім моры магло падацца раптоўным і нечаканым. Але відавочна, што для многіх украінцаў гэта ня стала сэнсацыяй — многія кажуць, што ўсё да гэтага ішло. Дык ці ёсьць апошні інцыдэнт заканамерным разьвіцьцём сытуацыі ў Азоўскім моры?

— Гэта цалкам заканамернае разьвіцьцё. Расея, пабудаваўшы керчанскі мост, які зьвязаў акупаваны Крым з Кубаньню, вырашыла, што яна пабудавала шлягбаўм. Расея, па-першае, абмежавала памеры транспартных суднаў, якія могуць праходзіць пад мостам — чым нанесла ўдар па экспартна-імпартных магчымасьцях Украіны.

Па-другое, расейцы пачалі аглядаць тыя судны, якія ідуць ва ўкраінскія парты. З аднаго боку, у гэтым не было брутальных парушэньняў нормаў міжнароднага права. Але, з другога боку, Расея паступова нарошчвала свае вайскова-марскія магчымасьці ў акваторыі Азоўскага мора.

Тое, што адбылося 25 лістапада, — на жаль, лягічны вынік. Гэта стала адлюстраваньнем расейскай агрэсіўнай палітыкі і жаданьня Крамля паказаць, хто гаспадар на постсавецкай прасторы і, у прыватнасьці, у Чарнаморскім басэйне.

— Калі здарылася анэксія Крыму і потым падзеі ў Данбасе — многія аналітыкі, у тым ліку ўкраінскія, канстатавалі, што на той момант Украіна не была гатовая да процістаяньня з Расеяй у ваенным сэнсе. Крым быў здадзены бяз бою. Ці гатовая Ўкраіна, па-вашаму, цяпер да сур’ёзнага ваеннага процістаяньня?

— Прэзыдэнт Украіны, падпісаўшы Ўказ аб ваенным становішчы, даў адказ на пытаньне, гатовая Ўкраіна ці не. Разуменьне перавагі Расеі ў вайсковым, фінансавым сэнсе — гэта прысутнічае. Але Ўкраіна не зьбіраецца капітуляваць, і гэта відавочна.

Расейска-ўкраінскі канфлікт трывае ня першы тыдзень. Але 25 лістапада караблі пад расейскімі сьцягамі абстралялі і захапілі ўкраінскія судны. Гэта адкрыты факт агрэсіі, нічым не прыхаванай і нічым не справакаванай. Ужо 15 гадоў існуе дамова аб супольным выкарыстаньні Азоўскага мора.

Таму адказ на вашае пытаньне — так, Украіна гатовая даць адказ Расеі. Але гэта не азначае, што Ўкраіна гатова да агрэсіўных дзеяньняў супраць Расеі. Я думаю, мабілізацыя абвешчана ня будзе. Не таму, што ва Ўкраіне не хапае ахвотных служыць у войску, а таму, што палітычнае кіраўніцтва разумее, што мабілізацыя будзе расцэнена як недружалюбны акт. І можа быць выкарыстана Расеяй як падстава для адпаведных агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны.

Пасьля 25 лістапада ў Эўразьвязе прыпыняцца размовы, што «настаў час» аслабіць санкцыі супраць Расеі

— Калі здарылася анэксія Крыму, то Захаду спатрэбіўся пэўны час, каб разабрацца ў тым, што адбываецца, — і санкцыі былі прынятыя не адразу. Наколькі хуткай можа быць рэакцыя Захаду гэтым разам? Ці гэтая рэакцыя, магчыма, Крэмль ужо ня вельмі хвалюе?

— Я хачу зьвярнуць увагу, што інцыдэнт 25 лістапада адбыўся адразу пасьля візыту Пуціна ў Крым і на фоне падзеньня ягонага рэйтынгу. Думаю, што гэтая тэза — паставіць Украіну на месца — мае сваю лёгіку ў дзеяньнях Крамля.

Заявы расейскага міністра замежных спраў Лаўрова пра тое, што гэта Ўкраіна парушыла нормы міжнароднага права, ня вартыя ані гроша, бо галоўны расейскі дыплямат проста хлусіць.

Крымскі мост
Крымскі мост

Пачынаючы ад 2016 году мы маем на ўзроўні Эўразьвязу, НАТО, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы прызнаньне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Я думаю, пасьля 25 лістапада ў Эўразьвязе прыпыняцца размовы, што «настаў час» аслабіць санкцыі супраць Расеі. Бо Расея паказала сябе як дзяржава-агрэсар.

Украінцы за гады незалежнасьці неаднаразова даказалі, што дыктатура ва Ўкраіне прыжываецца вельмі кепска

— Які ўплыў увядзеньне ваеннага стану можа мець на ўнутрыпалітычную сытуацыю ва Ўкраіне? Ці будуць перанесеныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, заплянаваныя на 2019 год? Ужо гучаць меркаваньні, што цяперашняй уладзе канфлікт выгадны, каб пераключыць увагу грамадзтва на вайну, на ворага, а не на выбары?

— Ваеннае становішча сапраўдны перанясе дату прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Але, я думаю, яны адбудуцца ў 2019 годзе, як і было заплянавана. Украінцы за гады незалежнасьці неаднаразова даказалі, што дыктатура ва Ўкраіне прыжываецца вельмі кепска.

Што да ваеннага становішча, то, я думаю, гэта ня будзе ўведзена ва ўсім магчымым максымуме. Гэта не прывядзе да суцэльнага абмежаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў. Цалкам магчыма, што будуць прыпыненыя дыпляматычныя адносіны з Расеяй — прынамсі, пра гэта ў Кіеве гавораць адкрыта.

— А што азначае канкрэтна ваеннае становішча? Ці азначае гэта, што наступным разам, калі ўкраінскія караблі пойдуць з украінскага гораду Адэса ва ўкраінскі горад Марыюпаль па водах Азоўскага мора і расейцы захочуць іх зноў аглядаць — украінцы пачнуць адстрэльвацца, ці як?

— Я думаю, што будзе шмат нагодаў пераканацца, што ваеннае становішча для Ўкраіны ня будзе пустым гукам. На сёньня Ўкраіна ня мае такога досьведу, гэта не сакрэт.

25 лістапада Расея зьдзейсьніла чысты акт агрэсіі. Дагэтуль абвінавачваньні ў агрэсіі яна адкідала. Відавочна, будзе сцэнар пэўнага абвастрэньня. Але разам з тым мы спадзяёмся на пазыцыю нашых заходніх партнэраў, якія дастаткова пасьлядоўныя ў падтрымцы Ўкраіны, і спадзяюся, што яны не абмяжуюцца толькі «выказваньнем глыбокага занепакоеньня».

— Як выглядае беларускі аспэкт гэтай тэмы? За ўсе гады пасьля анэксіі Расеяй Крыму Беларусь паводзіла сабе вельмі неадназначна. З аднаго боку, добрыя асабістыя адносіны кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны, запэўніваньне з боку Лукашэнкі, што Беларусь ніколі ня стане пляцдармам для агрэсіі на Ўкраіну. Зь іншага боку, Беларусь і фармальна, і вайскова-палітычна — саюзьнік Расеі. Якая пазыцыя Беларусі задаволіла б Кіеў?

— Я ўпэўнены, што Беларусь застанецца нашым «гібрыдным саюзьнікам». Ясна, што грамадзкая думка ва Ўкраіне патрабуе ад Беларусі дэманстрацыі нэгатыўнага стаўленьня да Расеі. Але калі Беларусь проста ўтрымае сваю незалежнасьць і ня будзе паддавацца на расейскі ціск — гэта для Ўкраіны будзе вельмі спрыяльны сцэнар. Даўжыня нашай беларуска-ўкраінскай мяжы толькі ўдвая меншая за даўжыню расейска-ўкраінскай мяжы. Таму магчымая мілітарызацыя Беларусі з удзелам Расеі — для Ўкраіны была б надзвычай неспрыяльным разьвіцьцём падзей.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG