Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пяць гадоў у Беларусі стала ў 1,4 раза больш карыстальнікаў інтэрнэту


Shutterstock
Shutterstock

Колькасьць абанэнтаў (фізычных і юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў), якія карыстаюцца інтэрнэтам, на 1 студзеня 2018 году склала 11,8 мільёна чалавек і з 1 студзеня 2013 году павялічылася ў 1,4 раза.

Такія зьвесткі апублікаваў Белстат 26 лістапада, да Сусьветнага дня інфармацыі.

Паводле зьвестак на 2017 год, 74,4% беларусаў ад 6 да 72 гадоў былі інтэрнэт-карыстальнікамі, а 73,1% зь іх выходзілі ў сеціва штодня. Для параўнаньня: у 2016 годзе інтэрнэтам карысталася толькі 67,1% беларусаў. 88% насельніцтва Беларусі выкарыстоўваюць тэхналёгіі шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт.

Ня ўсе беларусы, якія карыстаюцца інтэрнэтам, маюць дома кампутар. На 2017 год 67,9% хатніх гаспадарак у Беларусі мелі пэрсанальныя кампутары, 67,2% — доступ да інтэрнэту, уключаючы доступ з мабільных прыладаў дома праз WI-FI (пляншэт, мабільны тэлефон і г.д.).

Паслугамі мабільных апэратараў на канец 2017 году карысталіся 99,9% насельніцтва Беларусі.

Паводле ацэнкі Міжнароднага саюзу электрасувязі, у апублікаваным у 2017 годзе рэйтынгу паводле індэксу разьвіцьця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій Беларусь заняла 32-е месца сярод 176 краінаў.

Цяпер кожны населены пункт Беларусі, дзе жыве 300 чалавек і болей, мусіць быць забясьпечаны доступам да шырокапалоснага інтэрнэту. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў, апублікаванай 24 лістапада на нацыянальна-прававым партале.

Раней доступам да шырокапалоснага інтэрнэту мусілі забясьпечваць населеныя пункты, дзе жыве 1,5 тысячы і болей чалавек.

Для чаго беларусы карыстаюцца інтэрнэтам?

Як вынікае з ранейшай статыстыкі Белстату, найбольш беларусы карыстаюцца інтэрнэтам для пошуку інфармацыі. Калі браць узроставы прамежак ад 11 да 72 гадоў, адсотак тых, хто карыстаецца функцыямі пошуку, складае ад 88,4% да 98,2%. Найменш пошукам у інтэрнэце карыстаюцца дзеці ад 6 да 10 гадоў.

Cкрыншот з публікацыі Белстату «Беларусь у лічбах-2018»
Cкрыншот з публікацыі Белстату «Беларусь у лічбах-2018»

Глядзяць онлайн і пампуюць музыку, фільмы і праграмнае забесьпячэньне найбольш беларусы ва ўзросьце ад 11 да 24 гадоў. У сацыяльных сетках найчасьцей камунікуюць людзі ва ўзросьце ад 16 да 24 гадоў, найменш — дзеці ад 6 да 10 гадоў. У кампутарныя гульні онлайн часьцей за ўсіх гуляюць дзеці і падлеткі ад 6 да 16 гадоў.

Электроннае ліставаньне і перамовы праз інтэрнэт часьцей вядуць людзі ад 16 да 24 гадоў. Тавары і паслугі праз інтэрнэт часьцей набываюць беларусы ва ўзроставым прамежку ад 16 да 54 гадоў. Інтэрнэт для адукацыі найчасьцей выкарыстоўваюць падлеткі ад 11 да 15 гадоў.

Узаемадзейнічаць з органамі дзяржаўнага кіраваньня праз інтэрнэт беларусы пачынаюць з 16 гадоў, ажыцьцяўляць фінансавыя апэрацыі — у 11 гадоў. Фінансавыя апэрацыі найчасьцей праз інтэрнэт ажыцьцяўляюць людзі ад 24 да 54 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG