Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выходных у Менску пакажуць па-беларуску мультфільм, двойчы намінаваны на «Оскар»

Прэм’ера анімацыйнага мультфільма Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё», агучанага праектам «Беларускія ўікэнды»
Прэм’ера анімацыйнага мультфільма Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё», агучанага праектам «Беларускія ўікэнды»

Праект «Беларускія ўікэнды» 23 лістапада запусьціў у пракат мультфільм «Неверагодны містэр Фокс». Праца амэрыканскага рэжысэра Ўэса Андэрсана ў 2010 годзе была двойчы вылучаная на прэмію «Оскар» — у намінацыях «найлепшы анімацыйны фільм» і «найлепшая арыгінальная музыка».

«Прыгодніцкі мультфільм „Неверагодны містэр Фокс“ — сапраўдны мастацкі твор. Ён створаны ўручную і задае зусім недзіцячыя пытаньні. У ім усё як у жыцьці: і праблемы стылізаваных герояў, кожны зь якіх вельмі рэалістычна паказвае свае звычкі, і рысы пэрсанажаў, знаёмых нам у рэальным жыцьці. Гэтую авантурную гісторыю па заслугах ацэняць як школьнікі, так і дарослыя», — адзначыў кіраўнік «Беларускіх ўікэндаў» Андрэй Кім.

Праект «Беларускія ўікэнды» займаецца перакладам і агучваньнем на беларускую мову разнаплянавых замежных фільмаў для дэманстрацыі ў кінатэатрах і онлайн-плятформе кампаніі Velcom Voka TV. Сярод агучаных ад 2016 году фільмаў — «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келз», «Таемнае жыцьцё Ўолтэра Міці», «Рыбка Поньё» «Падымаецца вецер», «Мой сябар жырафа» і іншыя.

XS
SM
MD
LG