Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы зьнялі гістарычны баявік пра Міндоўгавага цесьця, які не любіў зяця. ВІДЭА


«Кароль Даніла» — другі поўнамэтражны мастацкі фільм украінскага рэжысэра Тараса Хіміча. Гэта гістарычны баявік пра тое, як кароль Даніла Галіцкі разам з братам Васілём наступаюць на замак тайнага ордэна, а таксама пра зьнішчэньне Кіева ханам Батыем, галіцкіх баяраў і здраду.

Здымкі фільма доўжыліся тры гады, а ў Львоўскай вобласьці спэцыяльна для гэтага пабудавалі сярэднявечны горад Холм.

Галоўную ролю ў стужцы «Кароль Даніла» выканаў Сяргей Ярмашэнка, каскадзёр і акцёр з Запарожжа. Акрамя караля Данілы ў стужцы яшчэ больш за дваццаць дзеючых асоб, кожная зь якіх мае сваю гісторыю.

Для стварэньня фільма Тарас Хіміч прыцягнуў уласныя сродкі і грошы ад прыватных інвэстараў. Нязначную частку фінансаваньня аўтары атрымалі ад Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і Львоўскага кінацэнтра.

Пасьля завяршэньня пракату «Караля Данілы» каманда плянуе здымаць пра Даніла Галіцкага сэрыял.

Сваю кар’еру ў якасьці прадусара Тарас Хіміч пачынаў са здымак музычных кліпаў, а ў 2005 годзе адбылася прэмʼера яго дэбютнага дакумэнтальнага фільму — «У рамках лёсу. Гісторыя 1-й украінскай дывізіі УНА 1943-1945» пра дывізію «Галічына».

Пэрыяд княжаньня Данілы Галіцкага (1205 — 1264) быў часам найбольшага эканамічна-культурнага ўздыму і палітычнага ўзмацненьня Галіцка-Валынскай дзяржавы. Мяжа княства праходзіла па Карпатах, Дняпры і Дунаі, пры ім яно стала адной з найбуйнейшых дзяржаў у Эўропе.

Сын Данілы Шварн быў жанаты з дачкой Міндоўга, а другі сын — Раман — атрымаў у спадчыну ад Міндоўга Новагародзкае, Ваўкавыскае і Слонімскае княствы. Сам Даніла Галіцкі канфліктаваў зь літоўскімі князямі Міндоўгам і Войшалкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG