Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыры тры гады зьбіралі грошы на рамонт адзінага ў горадзе басэйна. Ён дагэтуль не адрамантаваны


У Мазыры трэці год рамантуюць басэйн. Сродкі на рамонт зьбіралі з жыхароў гораду на «добраахвотных» суботніках. Адзін прайшоў яшчэ ў 2015 годзе, два — увесну і ўвосень 2017-га. Вынік — басэйн дагэтуль не адрамантаваны. «А дзе нашы грошы?» — пытаюцца жыхары Мазыра.

«Тры гады мы пералічвалі грошы на басэйн. Начальства прымушала. Я працую ў бальніцы, ня мэдыкам. З нас, тэхнічных работнікаў, летась бралі за адзін суботнік па 2 рублі, з мэдыкаў — па пяць. Уявіце, колькі ўсяго за тры суботнікі было пералічана грошай у горадзе з насельніцтвам больш за 100 тысяч. Ня лічачы пералічэньня грошай з прадпрыемстваў гораду!», — паскардзіўся Свабодзе жыхар Мазыра, які прасіў не называць сябе.

Ён прадставіў здымкі, зробленыя днямі. Басэйн — у паўразбураным стане.

Тэлеканал «Мазыр» паведамляў, што за два суботнікі — у кастрычніку 2015 году і ў траўні 2017-га — удалося сабраць 270 тысяч рублёў. За суботнік, праведзены 28 кастрычніка 2017 году — больш за 100 тысяч рублёў. Удзел у «добраахвотным» мерапрыемстве ўзяла 21 тысяча чалавек. «Значная сума на рэканструкцыю выдзелена таксама з унутранага бюджэту аддзелу адукацыі і рэзэрвовага фонду Мазырскага райвыканкаму», — інфармаваў тэлеканал.
Мясцовыя выданьні ня раз зьвярталіся да «неабыякавых жыхароў нашага гораду», каб тыя бралі актыўны ўдзел у суботніках. Заклікаючы жыхароў чарговы раз «скінуцца ўсёй грамадой», выданьне «Нэлі-інфо» пісала: «заробленых на мінулых суботніках сродкаў не хапіла на правядзеньне ўсіх рамонтных работ».

Басэйн, які належыць дзіцячай спартыўнай школе № 2, працаваў у Мазыры 35 гадоў. За гэты час тут былі падрыхтаваныя 40 кандыдатаў у майстры спорту, 8 майстроў спорту і адзін майстар міжнароднай катэгорыі.

Цяпер на паўразбураным басэйне вывешаны «пашпарт аб’екта». Работы павінны былі быць выкананыя са сьнежня 2016 году па верасень 2017-га. Кошт рамонту — 3 800 000 рублёў.

«Малая чаша басэйна працуе»

Дырэктар дзіцячай спартыўнай школы № 2 Алег Малашчанка сказаў карэспандэнту Свабоды, што неабходныя сродкі (3 мільёны рублёў) на рамонт выдзеленыя.

«Я думаю, што да Новага году не пасьпеюць завяршыць, хоць такі тэрмін вызначаны. Але доўга ідуць працэдуры закупак абсталяваньня і дастаўка матэрыялаў. Таму, магчыма, у лютым завершаць працы, і мы запусьцімся. Але грошы выдзеленыя, і праца ідзе бесьперапынная. Прыяжджаў сам губэрнатар, аглядаў аб’екты», — кажа дырэктар спартшколы.

Паводле Алега Малашчанкі, іншых басэйнаў у Мазыры няма.

«У нас басэйн складаецца зь дзьвюх чаш. Вялікая цяпер якраз не працуе. Але працуе малая, дзе мы аказваем платныя паслугі, працуем зь дзецьмі пачатковай падрыхтоўкі, вядзем трэніроўкі. Калі адрамантуем вялікую, то чакаем, што будуць выдзеленыя дадатковыя сродкі і зачыніцца на рамонт другая частка аб’екта — малая чаша. Першы этап рамонту — вялікая чаша, дах, фасад, электрыка, сыстэма водазабесьпячэньня, вэнтыляцыя, добраўпарадкаваньне, прыбудовы для інвалідаў», — сказаў Свабодзе Алег Малашчанка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG