Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея дамовіліся разам змагацца з «фальсыфікацыяй гісторыі»


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей

Беларусь і Расея дамовіліся «не аслабляць намаганьні па супрацьдзеяньні спробам фальсыфікацыі гісторыі і перапісваньня вынікаў Другой усясьветнай вайны як на двухбаковым узроўні, так і на пляцоўках ключавых міжнародных арганізацый», заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, паведамляе БелаПАН.

Паводле Макея, па выніках сумеснага пасяджэньня калегій зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі бакі дамовіліся працягваць і ўмацоўваць культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва, у тым ліку праводзіць імпрэзы, прымеркаваныя да сумесных памятных дат і падзеяў у гісторыі дзьвюх краінаў.

Важным напрамкам Макей назваў «сумеснае процідзеяньне спробам фальсыфікацыі гісторыі і пераглядаў вынікаў Другой усясьветнай вайны».

На пасяджэньні таксама абмяркоўвалася ўзаемадзеяньне Беларусі і Расеі ў сфэры паглыбленьня інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня на прасторы СНД, у рамках Саюзнай дзяржавы, Эўразійскага эканамічнага саюзу, АДКБ, а таксама фарміраваньня ўзгодненай пазыцыі ў ААН, АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыях.

«Сытуацыя ў сьвеце такая, што нам нельга ня ўлічваць актуальныя зьнешнепалітычныя выклікі і пагрозы, таму асобнае месца ў нашай сумеснай працы займае каардынацыя падыходаў па ўзаемадзеяньні на міжнародных пляцоўках у сфэры гарантаваньня міжнароднай бясьпекі», — сказаў Макей.

Падчас сумеснага паседжаньня калегій МЗС Беларусі і Расеі, якое прайшло ў Менску 21 лістапада, міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што яго турбуюць тэндэнцыі, зьвязаныя са «скажэньнем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».

«Трывожыць і тое, што паралельна з фальсыфікацыяй гісторыі набірае абароты русафобія, якая ў некаторых эўрапейскіх дзяржавах узводзіцца ледзь ня ў ранг афіцыйнага дыялёгу, — заўважыў Лаўроў. — У гэтых умовах наша агульная задача — працягваць мэтанакіраваныя намаганьні на супрацьдзеяньне гэтым дэструктыўным задумам, выкарыстоўваючы ўвесь даступны палітычны і прававы інструмэнтарый».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG