Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў Лаўрову пра «галоўную праблему» ў стасунках Беларусі і Расеі


Сяргей Лаўроў і Аляксандар Лукашэнка
Сяргей Лаўроў і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях неабходна канчаткова вырашыць галоўнае пытаньне — стварыць роўныя ўмовы для працы грамадзян і суб’ектаў гаспадараньня, паведамляе БелТА.

Пра гэта ён заявіў 21 лістапада на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

«У нас, здаецца, і нядрэнныя стасункі складваюцца ў цэлым з Расейскай Фэдэрацыяй, нават вельмі добрыя. Факт, што лепшыя, чым зь іншымі дзяржавамі. Але адно галоўнае пытаньне, якое нам трэба вырашыць і пра якое і мы з вамі, і нашы МЗС (яшчэ з часоў Барыса Ельцына) казалі, — роўныя ўмовы для працы людзей, суб’ектаў гаспадараньня ў нашай агульнай айчыне», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама зьвярнуў увагу яшчэ на значнае для Беларусі адмоўнае сальда ва ўзаемным гандлі.

«Калі ў нас у гандлёвым сальда велізарны мінус, вы разумееце, што нам даводзіцца шукаць дзесьці па ўсім сьвеце, каб закрыць гэты дысбалянс», — заявіў Лукашэнка.

«Мы лічым, што трэба цалкам выконваць існыя дамоўленасьці як у дачыненьні гаспадарчых суб’ектаў, так і грамадзян. У нас многія рэчы ўжо вырашаныя, але па асобных пытаньнях чакае работа», — заявіў на гэта міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

Візыт міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова ў Беларусь праходзіць 20-21 лістапада для ўдзелу ў сумесным пасяджэньні калегій міністэрстваў замежных спраў дзьвюх Беларусі і Расеі.

Апошнія сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі адбываліся на тле «малочных» і «мясных войнаў», спрэчак пра аб’ёмы паставак расейскіх энэрганосьбітаў у Беларусь, «недапераведзенага» расейскага крэдыту ды іншых пытаньняў і ўзаемных прэтэнзіяў.

​Беларусь зь вялікім спазьненьнем атрымала шосты транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 200 млн даляраў.

Таксама Расея пералічыла Беларусі затрыманыя зь ліпеня 263 млн даляраў у рамках схемы «перамытненьня» нафты.

Беларусь і Расея падпісалі індыкатыўны балянс узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта павінна ўрэгуляваць канфлікты ў ходзе экспарту беларускага харчаваньня ў РФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG