Беларусь і Расея выступаюць з адзіных або блізкіх пазыцый у дачыненьні асноўных праблемаў сучаснага сьвету, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, адкрываючы сумеснае паседжаньне калегій МЗС Беларусі і Расеі.
«Правядзеньне паседжаньня зьяўляецца яшчэ адным практычным сьведчаньнем актыўнага разьвіцьця беларуска-расейскіх стасункаў, якое працягваецца сёлета па ўсіх напрамках — у палітыцы, эканоміцы, энэргетыцы, транспарце, культуры, сацыяльнай сфэры», — цытуе Макея БелаПАН.
Уладзімер Макей адзначыў, што Беларусь і Расея падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях, рэалізуюць праграму ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі.
Сяргей Лаўроў сказаў, што Расея і Беларусь зьяўляюцца «саюзьнікамі і аднадумцамі». Сярод іншага яго турбуюць тэндэнцыі, зьвязаныя са «скажэньнем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».
«Трывожыць і тое, што паралельна з фальсыфікацыяй гісторыі набірае абароты русафобія, якая ў некаторых эўрапейскіх дзяржавах узводзіцца ледзь ня ў ранг афіцыйнага дыялёгу, — заўважыў Лаўроў. — У гэтых умовах наша агульная задача — працягваць мэтанакіраваныя намаганьні на супрацьдзеяньне гэтым дэструктыўным задумам, выкарыстоўваючы ўвесь даступны палітычны і прававы інструмэнтарый».
Кіраўнік расейскага МЗС паведаміў, што Беларусь і Расея будуць разам рыхтаваць мерапрыемствы да 80-годзьдзя пачатку Другой сусьветнай вайны, якія пройдуць у 2019 годзе.