Акруговы судзьдзя з Вашынгтону Тымаці Келі 16 лістапада прадпісаў адміністрацыі Белага дома вярнуць карэспандэнту CNN Джыму Акосту акрэдытацыю, якая ў таго адклікалі 8 лістапада. Прэс-сакратар Белага дому Сара Сандэрс у адказ на гэта заявіла, што прадпісаньне будзе выканана, але «часова». А прэс-служба адміністрацыі ЗША выпрацуе больш дакладныя правілы паводзінаў журналістаў пры працы ў Белым доме.
Акоста пазбавіўся акрэдытацыі пасьля прэс-канфэрэнцыі, на якой задаў некалькі пытаньняў прэзыдэнту Дональду Трампу.
Журналіст пачаў з пытаньня пра «караван» мігрантаў, які набліжаецца да мяжы ЗША, а потым спытаў Трампа, ці будзе працягвацца расьсьледаваньне меркаванага ўмяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, якое вядзе спэцпракурор Роберт Мюлер.
Трампу не спадабалася ўжо першае пытаньне. Адказваючы на яго, ён заявіў: «Дазвольце мне кіраваць краінай, а вы займайцеся CNN». Пасьля гэтага ён папрасіў памочніцу забраць у журналіста мікрафон, што яна і зрабіла пасьля нядоўгай барацьбы.
У Белым доме патлумачылі адкліканьне акрэдытацыі тым, што Акоста «распускаў рукі» ў адносінах да жанчыны, якая спрабавала забраць у яго мікрафон, а менавіта адсунуў або блякаваў дзяўчыну.
«CNN павінна быць сорамна, што вы працуеце на іх. Вы грубы і жудасны чалавек. Вы не павінны працаваць на CNN», — заявіў Трамп Акосту пасьля таго, як мікрафон усё ж такі перадалі іншаму журналісту.
Пра тое, што яго пазбавілі пропуску ў Белы дом, Акоста даведаўся на наступную раніцу: ахова проста не пусьціла яго ў будынак.
Згодна з рашэньнем судзьдзі (яго прызначыў на гэтую пасаду менавіта Трамп), акрэдытацыя Акосты павінна быць адноўленая «неадкладна», а журналіста зноў павінны пачаць пускаць у Белы дом «на прэс-брыфінгі і іншыя мерапрыемствы». Судзьдзя таксама вырашыў, што адкліканьне акрэдытацыі нанёс карэспандэнту «непапраўную шкоду» і не прыняў да ўвагі заяву прадстаўнікоў Белага дома, што CNN мог адправіць на заданьне любога іншага карэспандэнта.
Тэлеканал CNN, на якім працуе журналіст, падаў асобны пазоў супраць адміністрацыі Трампа ў сувязі з адкліканьнем прэс-пропуску, але яго суд пакуль не разглядаў.
Трамп ня першы раз сварыцца з журналістамі і абвінавачвае іх у тым, што яны прадузята асьвятляюць яго працу, і CNN становіцца аб’ектам нападак прэзыдэнта асабліва часта. У лютым 2017 году адміністрацыя Белага дома ўжо адмаўлялася пускаць на брыфінг прэс-сакратара прэзыдэнта ЗША Шона Спайсэра журналістаў некалькіх выданьняў, у тым ліку CNN. Але пры гэтым дапусьціла журналістаў кансэрватыўных Breitbart News, The One America News Network і The Washington Times, а таксама карэспандэнтаў тэлеканалаў ABC, CBS, Fox News, газэты The Wall Street Journal і агенцтва Bloomberg.