Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэль Абама ў кнізе ўспамінаў расказала пра каханьне, сям'ю і палітыку


U.S. - U.S. President Barack Obama embraces his wife Michelle Obama after his farewell address in Chicago, Illinois, U.S. January 10, 2017
U.S. - U.S. President Barack Obama embraces his wife Michelle Obama after his farewell address in Chicago, Illinois, U.S. January 10, 2017

Сёньня ў ЗША паступіла ў продаж кніга былой першай лэдзі Мішэль Абамы «Станаўленьне» (Becoming). У ёй яна распавяла пра адносіны з мужам, пра перапыненую цяжарнасьць і пра тое, чаго ніколі не даруе прэзыдэнту Дональду Трампу, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Мэмуары Мішэль Абамы падзеленыя на тры часткі — «Становячыся мной», «Становячыся намі» і «Становячыся вялікім» — і ахопліваюць ўсё яе жыцьцё, ад цеснай кватэркі ў Чыкага да «месца, дзе так шмат прыступак, што зьлічыць іх так і не ўдалося».

Абама распавядае пра ўзьлёты і падзеньні, пра тое, як яе ўзносілі ў якасьці самай уплывовай жанчыны ў сьвеце і як зьвяргалі з гэтага пастамэнта, называючы «злоснай чорнай жанчынай».

Гэты шырока асуджванае цяпер выслоўе зьявілася больш за стагодзьдзя таму, калі ў амэрыканскім грамадзтве быў пашыраны даволі абразьлівы стэрэатып нахабнай і нявыхаванай чарнаскурай жанчыны, якая ігнаруе грамадзкія нормы.

Мішэль Абаму надзвычай засмучаў гэты стэрэатып, яна нават тлумачыла ў тэлепраграме Опры Ўінфры, што ня мае зь ім нічога агульнага.

Абама распавядае ў сваёй кнізе і пра горыч страты блізкіх ёй людзей — сябра і бацькі.

У першай частцы сваёй кнігі Мішэль Абама праводзіць глыбокае, шмат у чым сацыялягічнае, дасьледаваньне Чыкага, яго жыхароў і грамадзкіх інстытутаў, гаворыцца ў рэцэнзіі Washington Post.

Развагі аўтара пра джэнтрыфікацыю, дзяржаўную адукацыю, расы і грамадзкія клясы нагадваюць нам пра тое, што яна атрымала ступень магістра сацыялёгіі ў Прынстанскім унівэрсытэце.

Другая частка — гэта рамантычная гісторыя яе адносін з 44-м прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам. Мішэль Абама распавядае, як яны сталі сям’ёй і як яна шукала працу, якая была б ёй даспадобы. Washington Post адзначае, што яшчэ ніколі першая лэдзі не пісала гэтак адкрыта пра свайго мужа.

У трэцяй частцы кнігі Мішэль Абама засяродзілася на жыцьці іх пары як публічных фігур. Тут яна падае свой погляд на спадчыну, якую яны пакінулі пасьля сябе, і на свае дасягненьні ў якасьці першай лэдзі.

Абама распавяла, як ёй жылося пад усеагульнай пільнай увагай. Падчас кампаніі за пераабраньне мужа ў 2012 годзе яна адчувала сябе перасьледванай ад крытыкі на яе адрас, зьвязанай, у тым ліку, і зь яе колерам скуры.

За што яна не даруе Трампу

У сваіх мэмуарах Мішэль Абама распавяла пра тое, як у 2016 годзе яе шакавала перамога Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах. Яна прызналася, што старалася ня думаць пра гэта.

Былая першая лэдзі заявіла, што ніколі не даруе Трампу яго падтрымку чутак пра тое, што Барак Абама нарадзіўся не ў ЗША. За два месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году Трамп у інтэрвію газэце Washington Post адмаўляўся прызнаць, што Барак Абама нарадзіўся ў Амэрыцы.

Трамп настойліва падтрымліваў тэорыю пра тое, што Абама насамрэч ураджэнец Кеніі і таму ня можа быць прэзыдэнтам ЗША.

Сам Барак Абама называў гэтыя чуткі глупствам, а Белы дом апублікаваў копію яго пасьведчаньня аб нараджэньні, дзе месцам нараджэньня прэзыдэнта пазначаны Гаваі.

«Уся гэтая гісторыя была вар’яцкай і подлай, а ў яе аснове ляжалі ксэнафобія і нецярпімасьць, — піша Мішэль Абама. — Што было б, калі б хтосьці зь нестабільнай псыхікай зарадзіў пісталет і паехаў у Вашынгтон?»

«Што калі б гэты чалавек адправіўся шукаць нашых дачок? Дональд Трамп сваімі гучнымі і безразважнымі намёкамі паставіў пад пагрозу бясьпеку маёй сям’і», — задаецца пытаньнем былая першая лэдзі.

Трамп ўжо пракамэнтаваў кнігу Абамы. Ён хоць і прызнаўся, што не чытаў яе, але сказаў, што ён таксама ніколі не даруе свайму папярэдніку некаторыя рэчы.

«Я не дарую яму тое, што ён зрабіў з узброенымі сіламі ЗША, не фінансуючы іх належным чынам, — сказаў прэзыдэнт журналістам у пятніцу. — Тое, што ён зрабіў з нашай арміяй, паставіла пад пагрозу бясьпеку гэтай краіны».

Трамп не расказаў, ці ёсьць у яго крыўды на першую лэдзі, але адзначыў, што Абама атрымала шмат грошай за кнігу.

У 2017 годзе былы прэзыдэнт ЗША Барак Абама і яго жонка заключылі дамову з выдавецтвам Penguin Random House на выпуск мэмуараў — па адной на кожнага.

Сума ўгоды ацэньвалася на 60 млн даляраў. Калі выйдзе кніга Барака Абамы, пакуль не вядома. Сям’я Абамы абяцала ахвяраваць даход ад мэмуараў ў свой дабрачынны фонд.

Барак і Мішэль Абама наведвалі псыхатэрапэўта

Мішэль Абама ў мэмуарах прызналася, што былі часы, калі яе адносіны з мужам праходзілі праз крызіс, асабліва калі ён зьехаў працаваць у генэральную асамблею штату Ілінойс, Чыкага.

«Псыхатэрапія для нас стала адным са спосабаў навучыцца абмяркоўваць нашы рознагалосьсі», — распавядала Абама ў інтэрвію каналу ABC, прысьвечаным будучай публікацыі кнігі.

«Я ведаю занадта шмат маладых пар, якія пакутуюць і думаюць, што зь імі нешта ня так. І я хачу, каб яны ведалі, што Мішэль і Барак Абама, у якіх выдатны шлюб і якія любяць адно аднаго, што мы працавалі над сваім шлюбам. І мы зьвяртаемся па дапамогу, калі нам гэта неабходна», — адзначыла былая першая лэдзі.

У кнізе Мішэль Абама распавяла і пра тое, як яна закахалася ў Абаму.

«Як толькі я дазволіла сабе адчуць нешта да Барака, пачуцьці абрынуліся на мяне — выбух страсьці, удзячнасьці, захапленьня, які проста зьбіваў з ног», — піша яна.

У Мішэль Абамы быў спарон

Мішэль Абама ў кнізе прызналася, што больш за 20 гадоў таму ў яе здарыўся спарон, і для зачацьця абедзьвюх дачок — Маліі і Сашы — яна зьвярнулася да экстракарпаральнага апладненьня.

Абама распавяла ў праграме «Добрай раніцы, Амэрыка» тэлеканалу ABC, што адчувала сябе разгубленай і самотнай пасьля спарону.

«Я адчувала, што пацярпела няўдачу, таму што ня ведала, наколькі распаўсюджаныя спароны, таму што мы не гаворым пра іх, — прызналася яна ў інтэрвію тэлеканалу. — Мы застаемся сам-насам з уласным болем, думаючы, што з намі штосьці ня так».

Былая першая лэдзі адзначыла, як важна гаварыць з маладымі маці пра тое, што спароны здараюцца. У размове з ABC Абама распавяла, што ў 34 гады зразумела, наколькі рэальны «біялягічны гадзіньнік».

«Я думаю, самае горшае, што мы робім адны з аднымі як жанчыны, — гэта тое, што мы ня дзелімся праўдай пра нашы ўласныя целы, пра тое, як яны працуюць», — сказала Абама.

426-старонкавыя мэмуары Мішэль Абамы паступяць у продаж на 24 мовах. Акрамя таго, яна начытала аўдыёвэрсію кнігі.

Ужо на наступным тыдні былая першая лэдзі пачне прамацыйны тур у падтрымку кнігі па ЗША і іншых краінах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG