Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Расея паспрабуе атрымаць ад Лукашэнкі стратэгічныя саступкі, — Сівіцкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы 23 жніўня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы 23 жніўня 2018 году

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі. Ён заяўляе, што стварэньне памежнай інфраструктуры на мяжы зь Беларусьсю — гэта адзін з элемэнтаў вайскова-палітычнага ціску Расеі, лічыць, што з ваеннага пункту гледжаньня Расеі вайсковая база не патрэбная, але яна патрэбная з гледзішча ўзмацненьня геапалітычнага кантролю на Беларусьсю, а таксама разважае пра тое, як Масква будзе ўмешвацца ў беларускія прэзыдэнцкія выбары.

Паміж Беларусьсю і Расеяй будуецца мяжа

— Днямі кіраўнік Смаленскай вобласьці Расеі на сустрэчы з прэм’ерам Расеі Мядзьведзевым папрасіў стварыць міжнародны пункт пропуску на мяжы зь Беларусьсю і атрымаў папярэднюю згоду ад Мядзьведзева. Зімой 2017 году Расея ўжо ўвяла памежную зону на беларуска-расейскай мяжы. На вашую думку, новы крок — гэта толькі дробная акалічнасьць ці элемэнт больш шырокай і доўгатэрміновай тэндэнцыі?

— Мне падаецца. што разгортваньне паўнавартаснай памежнай інфраструктуры — доўгатэрміновая тэндэнцыя. Па сутнасьці, мы цяпер жывем у новай сытуацыі, калі паміж Беларусьсю і Расеяй будуецца мяжа, якой не існавала больш за 20 гадоў. Самае галоўнае, што расейскі бок не каардынуе гэтыя дзеяньні са сваімі беларускімі партнэрамі — таму, на жаль, мы не зусім разумеем лёгіку, якой карыстаюцца расейскія партнэры.

Калі ў 2017 годзе ФСБ вырашыла ўсталяваць гэтую памежную зону — адным з афіцыйных матываў была «бясьпека». То бок стварыць нейкі кардон, каб супрацьстаяць нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і гэтак далей. Але відавочна, што гэта рытарычнае абгрунтаваньне. Я ўсё ж разглядаў бы стварэньне памежнай інфраструктуры на мяжы зь Беларусьсю як адзін з элемэнтаў ваенна-палітычнага ціску. Наступны крок — гэта стварэньне міжнароднага пункту пропуску. Так недалёка і да візавага рэжыму паміж Расеяй і Беларусьсю.

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Таму трэба рыхтавацца да любога разьвіцьця падзей. Можа атрымацца так, што Расея ўсе патокі, якія ідуць зь беларускага кірунку, прымусіць праходзіць памежны кантроль праз гэты пункт пропуску. Што створыць перш за ўсё праблемы для шараговых грамадзян.

— Масква заяўляе, што ўсе гэтыя дзеяньні Расеі былі адказам на ўвядзеньне афіцыйным Менскам правіла бязьвізавага ўезду для грамадзянаў 80 краінаў. Маўляў, мы проста вымушаныя былі рэагаваць.

— Мне здаецца, гэта даволі штучная аргумэнтацыя. Бо Беларусь і Расея каардынуюць свае памежныя палітыкі, створаныя агульныя базы дадзеных. І, па сутнасьці, зьнешняя мяжа Расеі ў рамках «саюзнай дзяржавы» знаходзіцца на мяжы Беларусі з трэцімі краінамі. Беларусь, па сутнасьці, выконвае функцыі гарантаваньня бясьпекі, у тым ліку расейскай мяжы.

Гэта проста азначае, што Расея не давярае сваім беларускім партнэрам ці шукае інструмэнт ціску, каб гэтую інтэграцыю памежных службаў узмацніць. Альбо нават перайсьці да «армянскай мадэлі», ствараючы сумесныя памежныя пункты. Расейскі бок ужо некалькі разоў выказваўся афіцыйна ў падтрымку гэтай ініцыятывы — маўляў, давайце створым сумесныя памежныя пункты на заходняй мяжы Беларусі.

З ваеннага пункту гледжаньня Расеі тут база не патрэбная, але з гледзішча ўзмацненьня геапалітычнага кантролю за Беларусьсю — гэта стратэгічная мэта

— Аляксандар Лукашэнка заявіў, што расейская база ў Беларусі не патрэбная, і новы расейскі амбасадар Бабіч падтрымаў гэтыя ягоныя словы. Ці ставяць гэтыя выказваньні кропку ў пытаньні базы, ці яно будзе штораз ажыўляцца па меры зьменаў у ваенна-палітычнай сытуацыі ў рэгіёне?

— Мне здаецца, што кропка ў гэтым пытаньні з расейскага боку не пастаўленая. Стратэгічныя інтарэсы Беларусі зразумелыя — не дазволіць Расеі стварыць сваю вайсковую інфраструктуру на тэрыторыі Беларусі, бо гэта аўтаматычна ўцягвае нашую краіну ў канфрантацыю як паміж Расеяй і Ўкраінай, так і паміж Расеяй і Захадам.

Але з гледзішча крамлёўскіх стратэгаў, якія занепакоеныя актыўным працэсам нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам, а таксама ўзмацненьнем стратэгічнага партнэрства з Кітаем, база — гэта эфэктыўны інструмэнт захаваньня свайго ўплыву на тэрыторыі Беларусі. І калі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве Беларусь пачне разварочвацца ў бок глыбейшых стасункаў з Эўразьвязам, то база — гэта такі інструмэнт, які дазволіць блякаваць гэтыя працэсы.

Лідэры беларускай апазыцыі ў верасьні 2015 году падпісалі сумесную заяву супраць расейскай базы ў Беларусі. На здымку -- Уладзімер Някляеў
Лідэры беларускай апазыцыі ў верасьні 2015 году падпісалі сумесную заяву супраць расейскай базы ў Беларусі. На здымку -- Уладзімер Някляеў

Таму я б сказаў, што з ваеннага пункту гледжаньня Расеі тут база не патрэбная, але з гледзішча ўзмацненьня геапалітычнага кантролю над Беларусьсю — гэта стратэгічная мэта. І чым бліжэй мы падыходзім да электаральных кампаній — тым хутчэй гэтае пытаньне зноў зьявіцца ў публічным парадку дня беларуска-расейскіх адносін. Крамлёўскія стратэгі вельмі занепакоеныя тым, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве могуць страціць кантроль над нашай краінай.

Беларусь, па сутнасьці, стрымлівае Расею ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы

— У канцы кастрычніка Беларусь наведаў памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Ўэс Мітчэл, які сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. І кіраўнік Беларусі нават заявіў яму: «Калі нешта вам паабяцаем — нават на шкоду сабе выканаем». Можна гэта аднесьці на звычайную рыторыку Аляксандра Лукашэнкі, але тым ня менш — ці можна сёньня казаць пра магчымасьць нейкіх кардынальных зьменаў у дачыненьнях Беларусі і ЗША?

— Пэўны прагрэс у беларуска-амэрыканскіх адносінах ёсьць. І візыт Мітчэла — гэта пэўны сыгнал, што ЗША аддаюць пэўную ўвагу нашай краіне, асабліва ў кантэксьце расейска-ўкраінскага канфлікту і ў кантэксьце супрацьстаяньня паміж Захадам і Расеяй. Для ЗША важна, каб Беларусь захоўвала канструктыўную ролю і ўклад у рэгіянальную бясьпеку. Які зьвязаны з тым, што Беларусь ня ўдзельнічае ў расейскіх ваенна-палітычных авантурах, а, па сутнасьці, стрымлівае Расею ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы, не дазваляючы выкарыстоўваць сябе дзеля стварэньня ваенных выклікаў для суседніх краінаў.

І пакуль Беларусь выконвае гэтую сваю ролю (як яе назваў Лукашэнка, ролю донара рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці), наша краіна — прымальны партнэр для ЗША. Беларусь выконвае гэтую канструктыўную ролю, і гэта адна з асноўных прычын, чаму Расея павялічвае свой ціск на Беларусь. Тое, што Лукашэнка падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску заклікаў заходнія краіны зьвярнуць увагу на гэта, і тое, што Мітчэл зрабіў такія камплімэнтарныя заўвагі на гэты конт — гэта сьведчыць, што ЗША пачалі пераасэнсоўваць значэньне Беларусі ў рэгіянальных справах. І мне здаецца, што пасьля гэтага візыту трэба чакаць новых крокаў у напрамку нармалізацыі адносін. Лягічны наступны крок — абмен амбасадарамі паміж Менскам і Вашынгтонам, адмена апошніх амэрыканскіх санкцый.

На сёньня прыярытэт для Расеі — умяшаньне ва ўкраінскія справы

— У Беларусі набліжаецца «бакханалія», як выказаўся Аляксандар Лукашэнка пра выбарчыя кампаніі — прэзыдэнцкую і парлямэнцкую. Як, на вашую думку, будзе паводзіць сабе Расея падчас гэтых выбараў? Ці будзе Масква спрабаваць, выкарыстоўваючы гэты момант, уплываць на Лукашэнку, ці ня будзе замінаць яму пераабрацца чарговым разам?

— Шмат будзе залежаць ад таго, наколькі пасьпяховым акажацца ўмяшаньне Расеі ва ўкраінскія электаральныя кампаніі. У наступным годзе, нагадаю, ва Ўкраіне прэзыдэнцкія выбары, а потым і парлямэнцкія. Відавочна, на сёньня прыярытэт для Расеі — умяшаньне ва ўкраінскія справы і прасоўваньне там такой палітычнай кааліцыі, якая была б дамоваздольнай з гледзішча Масквы. Ад таго, наколькі гэтае ўмяшаньне будзе пасьпяховым, залежаць наступныя крокі Крамля ў дачыненьні да Ўкраіны і ў дачыненьні да Беларусі.

Мне здаецца, Расея ўжо рыхтуецца да беларускіх выбараў. Яна стварае такія ўмовы, каб зьменшыць магчымасьці Лукашэнкі па балянсаваньні паміж Менскам і Захадам. Скарачэньне «інтэграцыйных субсыдый» — адзін з такіх сыгналаў.

Чым бліжэй да выбараў, тым больш верагодна, што Расея будзе спрабаваць атрымаць ад Лукашэнкі такія стратэгічныя саступкі, якія б гарантавалі, што Беларусь у сярэднетэрміновай пэрспэктыве застанецца ў сфэры ўплыву Расеі. У якой форме гэта будзе адбывацца — асобнае пытаньне. Але відавочна, што адрозьненьне пазыцый паміж Менскам і Крамлём у пытаньні гэтых саступак і стварае напружанасьць паміж кіраўніцтвам краінаў, якое мы назіралі апошнім часам. Таму я не выключаю, што калі Менск і Масква не дамовяцца аб гэтых саступках, Расея будзе спрабаваць больш жорстка ўплываць на ўнутрыпалітычнае жыцьцё нашай краіны. І безумоўна, нагодай для гэтага стануць палітычныя электаральныя кампаніі, «бакханалія».

Гэта ня першы раз, калі Расея спрабуе ўмешвацца ў выбары. Так было ў 2010 годзе, калі Крэмль вёў гульню і з апазыцыйнымі кандыдатамі. А таксама вёў перамовы з буйнымі прадстаўнікамі намэнклятуры. Гэта і 2015 год, калі Крэмль паставіў Лукашэнку перад умовай праходзіць тэст на ляяльнасьць — я маю на ўвазе пытаньне разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы. З пункту гледжаньня Крамля, Лукашэнка гэты тэкст на ляяльнасьць тады не прайшоў.

Я ня бачу ніякіх прычын, каб і ў наступным годзе, калі Расея падыме пытаньне базы — яно было б вырашана на карысьць Масквы. Так што, хутчэй за ўсё, напружанасьць паміж Менскам і Масквой перад прэзыдэнцкімі выбарамі будзе толькі павялічвацца. І тут, на жаль, нельга выключаць ніводнага сцэнару, у тым ліку сілавых. Бо Расея цяпер у вельмі нестабільным стане, і калі сацыяльна-эканамічная сытуацыя ўнутры Расеі будзе пагаршацца, Расея можа паводзіць сябе больш агрэсіўна, у тым ліку ў дачыненьні да свайго саюзьніка.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG