Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька губляе Папу. Чаму Лукашэнка баіцца быць цьвёрдым, як Лукашэнка


Сустрэча папы рымскага Францішка і Аляксандра Лукашэнкі. 21 траўня, 2016 году
Сустрэча папы рымскага Францішка і Аляксандра Лукашэнкі. 21 траўня, 2016 году

Днямі намесьнік міністра Макея Алег Краўчанка сустрэўся з паслом Ватыкану ў Беларусі. Ані МЗС, ані Сьвяты Пасад не камэнтуюць дэталяў сустрэчы. Гэта кепскі знак для тых, хто доўга чакае Папу на беларускай зямлі, сярод якіх і Лукашэнка.

Сымбалічная ўжо сама дата. Размова Краўчанкі з Габарам Пінтэрам адбылася 13-га лістапада. І менавіта 13-га, але кастрычніка, у Менск прыехаў патрыярх Кірыл. Вядома на 100%, што тэма магчымасьці візыту Папы ўздымалася падчас перамоваў Лукашэнкі і маскоўскага патрыярха. Невядома было, што адказаў госьць з Масквы.

Цяжка паверыць, што сустрэча Краўчанкі зь Пінтэрам роўна празь месяц пасьля візыту Кірыла выпадковасьць. На ёй, хутчэй за ўсё, Сьвятому Пасаду давялі пазыцыю РПЦ наконт запрашэньня Францішка.

Але і тыя, і другія ўстойваюць сутнасьць перамоваў за сямю замкамі. МЗС скупа паведаміла: «У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Святога Пасаду». Калі я спрабаваў даведацца дэталі ў Нунцыятуры, то мне ветліва адказалі: «Гэта была рабочая сустрэча, і пакуль ніякіх камэнтароў да яе няма». Падказка на гэтым тыдні прыйшла з самой Масквы.

Адзіны мэтад, які нам застаецца — спэкуляцыя. Урэшце, фактуры ў нас значна больш, чым у амэрыканскіх саветолягаў, якія пра атмасфэру ў Крамлі даведваліся з фатаздымкаў і разьмяшчэньня чальцоў Палітбюро каля сакратара.

Калі б пазыцыя Кірыла была прыхільная, то складана ўявіць, каб такое гістарычнае рашэньне агучваў намесьнік, а ня сам міністар. А ў Беларусі і пагатоў пра эпахальны прарыў абвясьціў бы сам Лукашэнка. Ён, дарэчы, таксама прысутнічаў на той сустрэчы, але завочна. Глядзеў з партрэтнай рамкі ў шафе.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка з Апостальскім Нунцыем Габарам Пінтэрам
Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка з Апостальскім Нунцыем Габарам Пінтэрам

У мяне няма ніякіх сумневаў, што запрашэньне Лукашэнкі Папу Францішку наведаць Беларусь, як і папярэдняе Бэнэдыкту XVI, было шчырым. Дзякуючы прыезду пантыфіка ён здабудзе больш сымпатыі ў каталікоў і атрымае вялізны плюс для сваёй рэпутацыі ў сьвеце. І ўсё гэта вельмі танным коштам. Але для беларускіх каталікоў гэты візыт мае яшчэ большае значэньне. Часу ўсё менш, бо пантыфік абмінае краіны, дзе неўзабаве адбудуцца выбары.

Агучваць адмоўны адказ Кірыла боязна. Урэшце, хто ў хаце гаспадар, бацька ці мышы?

Але нават без спэкуляцыяў пра сустрэчу Краўчанкі і нунцыя апраўданьне немагчымасьці візыту супрацівам Кірыла гучыць проста несур’ёзна.

Днямі Ватыкан анансаваў, што ў сакавіку Папа наведае Марока, дзе хрысьціянаў усяго 0,13%, а ажно 98% — мусульмане. Думаеце, мясцовыя мусульманскія герархі захопленыя? Дык а чаму 1,5 млн беларускіх каталікоў павінны атрымліваць нейкую згоду ад чужога ім герарха зь іншай краіны, каб сустрэцца на сваёй жа зямлі з кіраўніком сваёй Царквы.

Нідзе, ні ў кананічным праве, ні ў беларускай Канстытуцыі, не запісана, што для візыту Папы патрэбна згода патрыярха ў Маскве.

Марока далёка. А вось прыклад Леаніда Кучмы, які дамогся ў 2001 годзе візыту ва Ўкраіну Яна Паўла ІІ, паказвае, што, калі моцна хацець, то ўсё магчыма. Маскоўскі патрыярхат і тады круціў носам, нават праігнараваў паседжаньне Ўсеўкраінскай рады цэркваў, якое наведаў Ян Павал ІІ.

Чаму гэта не ўдаецца Лукашэнку, калі такое жаданьне ў яго ёсьць?

Нідзе, ні ў кананічным праве, ні ў беларускай Канстытуцыі, не запісана, што для візыту Папы патрэбна згода патрыярха ў Маскве. Гэта выключна джэнтэльмэнскае правіла, якое можна выконваць, а можна і не выконваць. Памятаеце, як Пуцін некалькі гадоў таму даручыў свайму ўраду разьмясьціць авіябазу ў Беларусі? Быў ужо і дакумэнт гатовы з подпісам. Але Менск «затроліў» Маскву. Базы няма.

Калі Менску не ўдаецца пераканаць Кірыла, то з гэтага вынікаюць дзьве сумныя высновы. Першае. Улада ня мае ніякіх картаў у рукаве, каб здабыць згоду РПЦ, і гэта сумна. Улада, якую папракаюць у тым, што ёй ня ўказ любыя пісаныя і няпісаныя правілы, раптам ня мае дастатковай цьвёрдасьці, каб праігнараваць маскоўскае «не». Лукашэнку проста бракуе цьвёрдасьці Лукашэнкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG