Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паклапаціўся пра сябе і родных: кіраўнік «ДНР» падпісаў «закон» аб пажыцьцёвым утрыманьні

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін
Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін падпісаў дакумэнт, якім фактычна забясьпечыў сабе і чальцам сваёй сям’і пажыцьцёвае ўтрыманьне зь бюджэту «ДНР», паведамляе УНІАН.

Згодна з дакумэнтам, апублікаваным на афіцыйным сайце Народнай рады непрызнанай рэспублікі, Пушыліну пасьля сканчэньня яго паўнамоцтваў пажыцьцёва будзе забясьпечаная ахова (дома і ў іншых месцах знаходжаньня), бясплатная сувязь і мэдыцынскае абслугоўваньне, а таксама транспарт і жытло.

Таксама ў выпадку сьмерці кіраўніка «ДНР» ягонай сям’і будзе выплачаная аднаразовая дапамога ў памеры яго гадавога заробку, а недзеяздольныя бацькі і непаўналетнія дзеці будуць мець права на штомесячную дапамогу (бацькі — пажыцьцёва, дзеці — да 18 год). Ягоную сям’ю забясьпечаць жытлом і на 5 год пасьля сьмерці — службовым транспартам і мэдычным абслугоўваньнем.

11 лістапада ў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» прайшлі выбары новых кіраўнікоў і дэпутатаў мясцовых «парлямэнтаў». Перамаглі на «выбарах» выканаўцы абавязкаў кіраўнікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік.

Кіеў лічыць выбары незаконнымі. Украінская пракуратура завяла супраць арганізатараў галасаваньня крымінальную справу за «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць» краіны. Гэты артыкул прадугледжвае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Украінскі бок Трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе запатрабаваў неадкладна склікаць пазачарговае пасяджэньне групы «ў сувязі з правядзеньнем незаконных выбараў на акупаваных тэрыторыях», але Расея заявіла, што «ня бачыць у гэтым неабходнасьці».

Міжнародная грамадзкасьць выступіла з асуджэньнем псэўдавыбараў.

Эўразьвяз і ЗША асудзілі правядзеньне «выбараў» у непрызнаных імі «ДНР» і «ЛНР». У Эўразьвязе заявілі, што, згодна зь менскімі пагадненьнямі, любыя выбары на тэрыторыі, якую кантралююць падтрыманыя Расеяй сэпаратысты, павінны быць праведзены ў рамках заканадаўства Ўкраіны і паводле стандартаў АБСЭ.

Не прызнае гэтых выбараў і NATO. У заяве альянсу гаворыцца, што «яны супярэчаць літары і духу менскіх пагадненьняў і падрываюць намаганьні мірнага ўрэгуляваньня канфлікту».

У Расеі лічаць, што галасаваньне прайшло ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам і не супярэчыць менскім пагадненьням.

XS
SM
MD
LG