Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовілася праводзіць пазачарговае пасяджэньне аб сытуацыі на Данбасе ў сувязі з «выбарамі»


Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

Нягледзячы на гатоўнасьць прадстаўнікоў АБСЭ неадкладна склікаць пазачарговае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў сувязі з фэйкавымі выбарамі на Данбасе, Расея катэгарычна адмовілася ад гэтай ініцыятывы Ўкраіны, заявіўшы, што «ня бачыць у ёй неабходнасьці».

Пра гэта паведаміла першая намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны, прадстаўніца Ўкраіны ў Трохбаковай кантактнай групе Ірына Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

АБСЭ атрымала ад расейскіх прадстаўнікоў адпаведны ліст, паведаміла Герашчанка.

11 лістапада ў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» прайшлі выбары новых кіраўнікоў і дэпутатаў мясцовых «парлямэнтаў». Перамаглі на «выбарах» выканаўцы абавязкаў кіраўнікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік.

Кіеў лічыць гэтыя выбары незаконнымі. Украінская пракуратура завяла супраць арганізатараў галасаваньня крымінальную справу за «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць» краіны. Гэты артыкул прадугледжвае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Украінскі бок трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе запатрабаваў неадкладна склікаць пазачарговае пасяджэньне групы «ў сувязі з правядзеньнем незаконных выбараў на акупаваных тэрыторыях».

У заяве, якую агучыла першая віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка, гаворыцца, што «адзінымі легітымнымі выбарамі могуць быць тыя, якія будуць праходзіць у адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны і стандартамі АБСЭ», а «ўся адказнасьць за разбуральныя наступствы так званых пазачарговых выбараў для далейшай імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцяў цалкам ускладаецца на Расейскую Фэдэрацыю».

Таксама ўкраінскі бок зьвярнуўся да краін – удзельніц нармандзкага фармату з просьбай правесьці кансультацыі з Расеяй і запатрабаваць ад яе «адмовіцца ад разбуральных сцэнарыяў дэстабілізацыі сытуацыі на Данбасе».

Эўразьвяз і ЗША асудзілі правядзеньне «выбараў» у непрызнаных імі «ДНР» і «ЛНР». У Эўразьвязе заявілі, што, згодна зь менскімі пагадненьнямі, любыя выбары на тэрыторыі, якую кантралююць падтрыманыя Расеяй сэпаратысты, павінны быць праведзены ў рамках заканадаўства Ўкраіны і паводле стандартаў АБСЭ.

Не прызнае выбараў і NATO. У заяве альянсу гаворыцца, што «яны супярэчаць літары і духу менскіх пагадненьняў і падрываюць намаганьні мірнага ўрэгуляваньня канфлікту».

У Дзярждуме Расеі лічаць, што галасаваньне прайшло ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам і не супярэчыць менскім пагадненьням. «Вынікі заслугоўваюць прызнаньня ня толькі Расеяй, але і эўрапейскімі краінамі», — заявіў дэпутат Дзярждумы, каардынатар інтэграцыйнага камітэта «Расея — Данбас» Андрэй Казянкоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG