На непадкантрольных Кіеву тэрыторыях Данбасу 11 лістапада пачаліся «выбары» кіраўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік», а таксама дэпутатаў аднапалатных парлямэнтаў — «народных саветаў».
У «ДНР» арганізавана 408 выбарчых участкаў, у суседняй «ЛНР» — 316. Яны будуць адкрытыя да 20.00, пасьля чаго пачнецца падлік галасоў. –
Прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах Фэдэрыка Магерыні заявіла аб незаконьнасьці выбараў у самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» 11 лістапада.
«Эўразьвяз заяўляе аб сваёй поўнай падтрымцы незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах», — гаворыцца ў распаўсюджанай Брусэлем заяве.
Паводле Магерыні, выбары на тэрыторыях, якія кантралююцца няўрадавымі сіламі так званых «ДНР» і «ЛНР», ня будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.
«Эўрапейскі Зьвяз нагадвае, што рэалізацыя менскіх пагадненьняў усімі бакамі застаецца ключом дзеля дасягненьня ўстойлівага палітычнага рашэньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і падкрэсьлівае адказнасьць Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.
У дакумэнце тлумачыцца, што так званыя «выбары» парушаюць міжнароднае права, падрываюць абавязаньні, узятыя ў адпаведнасьці зь менскімі пагадненьнямі, і парушаюць сувэрэнітэт і законы Ўкраіны.
Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі нагадала, што менскія пагадненьні прадугледжваюць выключна мясцовыя выбары, якія маюць праводзіцца ў рамках ўкраінскага заканадаўства і стандартаў АБСЭ.
Тым часам стала вядома, што забаўляць выбарнікаў на плошчы Леніна ў Данецку будуць расейская сьпявачка Юлія Міхальчык і беларускі сьпявак, удзельнік конкурсу «Эўравізія-2007» Дзьмітры Калдун.
Як паведамілі ў фондзе «Адзіны Данбас», канцэрт адбудзецца пры садзеяньні Расейскага цэнтру.
Сёлета Калдун з той жа Міхальчык выступаў у Луганску напярэдадні Дня ведаў.