Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «ДНР» і «ЛНР» прайшлі выбары. Украіна, ЭЗ і ЗША іх не прызнаюць


Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарная агітацыя ў ЛНР
Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарная агітацыя ў ЛНР

У самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках» прайшлі выбары новых кіраўнікоў і дэпутатаў мясцовых «парлямэнтаў». У «ДНР», паводле СМІ, адкрыліся больш за чатырыста выбарчых участкаў, у «ЛНР» — каля трохсот.

На пасаду кіраўніка «ДНР» прэтэндавалі пяць кандыдатаў, у «ЛНР» — чатыры. Галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу лічацца дзейныя лідэры сэпаратыстаў — Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік. Яны прыйшлі на зьмену забітага Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага, які пайшоў у адстаўку.

Згодна з інфармацыяй выбарчых камісій самаабвешчаных рэспублік, яўка на выбарах у «ДНР» склала 80,1%, у «ЛНР» — 77%.

Кіеў лічыць гэтыя выбары незаконнымі. Украінская пракуратура завяла супраць арганізатараў галасаваньня крымінальную справу за «замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць» краіны. Гэты артыкул прадугледжвае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Украінскі бок трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе запатрабаваў неадкладна склікаць пазачарговае пасяджэньне групы «ў сувязі з правядзеньнем незаконных выбараў на акупаваных тэрыторыях».

У заяве, якую абнародавала першая віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка, гаворыцца, што «адзінымі легітымнымі выбарамі могуць быць тыя, якія будуць праходзіць у адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны і стандартамі АБСЭ», а «ўся адказнасьць за разбуральныя наступствы так званых пазачарговых выбараў для далейшай імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцяў цалкам ускладаецца на Расейскую Фэдэрацыю».

Таксама ўкраінскі бок зьвярнуўся да краін-сяброў нармандзкага фармату з просьбай правесьці кансультацыі з Расеяй і запатрабаваць ад яе «адмовіцца ад разбуральных сцэнарыяў дэстабілізацыі сытуацыі на Данбасе».

Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што «вынікі гэтых псэўдавыбараў зьяўляюцца юрыдычна неправадзейнымі, не ствараюць ніякіх прававых наступстваў і ня будуць прызнаныя ні Ўкраінай, ні міжнароднай супольнасьцю».

У сваю чаргу Эўразьвяз і ЗША таксама асудзілі сёньняшняе галасаваньне. У ЭЗ заявілі, што, згодна зь менскімі пагадненьнямі, любыя выбары на тэрыторыі, якую кантралююць падтрыманыя Расеяй сэпаратысты, павінны быць праведзены ў рамках заканадаўства Ўкраіны і паводле стандартаў АБСЭ.

Не прызнае выбараў і NATO. У заяве альянсу, распаўсюджаным у нядзелю, гаворыцца, што «яны супярэчаць літары і духу менскіх пагадненьняў і падрываюць намаганьні мірнага ўрэгуляваньня канфлікту».

У Дзярждуме Расеі лічаць, што галасаваньне прайшло ў адпаведнасьці з міжнародным заканадаўствам і не супярэчыць менскім пагадненьням. «Вынікі заслугоўваюць прызнаньня ня толькі Расеяй, але і эўрапейскімі краінамі», — заявіў дэпутат Дзярждумы, каардынатар інтэграцыйнага камітэта «Расея — Данбас» Андрэй Казянкоў. Ён наведаў выбарчыя ўчасткі ў Данецку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG