Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арэна-Сіці» спыніла працу на няпэўны тэрмін


Гандлёвы цэнтар «Арэна-Сіці» пасьля абвалу столі
Гандлёвы цэнтар «Арэна-Сіці» пасьля абвалу столі

Менскі гандлёва-забаўляльны цэнтар «Арэна-Сіці» спыніў працу «на няпэўны тэрмін», паведамілі Свабодзе ў інфацэнтры комплексу.

Гіпэрмаркет ProStore на першым паверсе «Арэна-Сіці» працягвае працаваць.

Супрацоўніца адной з крамаў у гандлёвым цэнтры паведаміла, што ёй сказалі не прыходзіць на працу 13 і 14 лістапада.

Абноўлена: Менгарвыканкам забараніў доступ у памяшканьні, дзе падвесная столь аналягічная той, што абвалілася ў гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці». Забарона будзе дзейнічаць, пакуль спэцыялісты ня выдадуць свае заключэньні.

Як паведамлялася раней, у гіпэрмаркеце, дзе днём раней абвалілася частка столі, параніўшы адну жанчыну, працуюць адмысловыя камісіі. Падземны паркінг таксама зачынены для наведнікаў. Усю гандлёвую частку перакрылі плотам, працуюць МНС і спэцыяльныя службы.

Пасьля абвалу столі «Арэна-Сіці» не спыняла працу. Увечары комплекс датэрмінова спыніў працу «да раніцы», сёньня «Арэна-Сіці» не адкрылася.

Абвал столі ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці». Што важна ведаць?

Удзень 12 лістапада ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» абвалілася падвесная столь з гіпсакардону на плошчы 150 квадратных мэтраў.

  • У выніку здарэньня пацярпелі дзьве дзяўчыны.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу.
  • МНС праверыць столі ў гандлёвых цэнтрах Менску.
  • Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Арэна-Сіці» на праспэкце Пераможцаў у Менску працуе з красавіка 2013 году. Агульная плошча — амаль 88 тысяч квадратных мэтраў.
  • «Арэна-Сіці» праз кампанію «Прастор-Трэйд» належаў бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. Забудоўшчыкам цэнтру выступала іншая кампанія набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца — ТАА «Трайпл». Пасьля затрыманьня Чыжа ў 2016 годзе мэдыя паведамлялі, што гандлёвы цэнтар быў прададзены «Белаграпрамбанку» за 75 мільёнаў даляраў. Топ-мэнэджэры «Прастор-Трэйда» тады абверглі гэтую інфармацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG