Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім гандлёвым цэнтры абвалілася столь. ФОТА, ВІДЭА


Каля гандлёвага цэнтру стаяць некалькі машын хуткай дапамогі

У менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» абвалілася столь.

У міліцыю пра здарэньне паведамілі ў 15:51 12 лістапада.

У Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях пацьвердзілі, што ў гандлёвым цэнтры абрынулася перакрыцьце падвеснай столі з гіпсакардону на плошчы 150 квадратных мэтраў.

Фота: МНС Менску
Фота: МНС Менску

Столь абвалілася на першым паверсе ў левым крыле гандлёвага цэнтру, паведамляе карэспандэнт Свабоды зь месца. Усё крыло ачэпленае, на месцы здарэньня працуюць ратавальнікі і міліцыя. Каля ўваходу ў «Арэна-Сіці» прыпаркаваныя дзьве машыны хуткай дапамогі.

Як паведаміў карэспандэнт Свабоды, увесь гандлёвы цэнтар па стане на 21.30 закрыты для наведваньня. Звычайна крамы і фудкорт зачыняюцца а 22-й гадзіне. Раней быў абмежаваны доступ толькі да левага крыла гандлёвага цэнтру, дзе абвалілася столь.

Абноўлена 20:05: Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце абвалу столі ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці». Папярэдняя прычына — абвал мацаваньня канструкцыі.

Гандлёвы цэнтар не спыняў працу.

​Упраўляючая «Арэна-Сіці» Натальля Мірончык сказала Свабодзе, што вядуцца апэратыўныя дзеяньні. Афіцыйны камэнтар гандлёвага цэнтру будзе 13 лістапада.

​Шпіталізавалі прадавачку квяткарні 1994 году нараджэньня, паведамілі ў МНС. Папярэдні дыягназ — чэрапна-мазгавая траўма, шок, ушыб жывата.

Абноўлена 20:05: Дзяўчыне аказалі неабходную дапамогу, яе адпусьцілі дадому.

«Крык стаяў страшны, калі шчыра», — сказала Свабодзе на месцы прадавачка суседняй крамы.​

Па яе словах, столь заваліла ўсю квяткарню, а часткова яшчэ і тры суседнія крамы.

Пацярпелі абедзьве прадавачкі квяткарні. Адну забрала ў непрытомным стане хуткая. Другой аказалі дапамогу на месцы.

«Дасталася абедзьвюм. Адразу на насілках яе забралі. Другая была ў шокавым стане», — сказала Свабодзе сьведка.

Па словах відавочцы, грукат нарастаў паступова.

«Доўга гэта ўсё працягвалася. Можа, каля хвіліны паступова нарастаў шум. Нібыта кавалкамі гэта падала», — сказала дзяўчына.

Таксама яна паведаміла, што ратавальныя службы спрацавалі хутка.

«Не прайшло і трох хвілін, як прыехалі», — сказала сьведка здарэньня Свабодзе.

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Арэна-Сіці» на праспэкце Пераможцаў, побач зь «Менск-Арэнай» і элітным жылым раёнам Дразды, працуе з красавіка 2013 году. Яго будавалі да чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску 2014 году.

Агульная плошча цэнтру, які зьмяшчае гіпэрмаркет ProStore, крамы, кінатэатры, рэстараны, фітнес-цэнтар і паркінг, складае амаль 88 тысяч квадратных мэтраў.

Падчас адкрыцьця «Арэна-Сіці» тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька заявіў у інтэрвію Tut.by, што «пры будаўніцтве цэнтру былі выкарыстаныя сучасныя заходнеэўрапейскія тэхналёгіі».

«Прыемна, што такі комплекс пабудавала беларуская кампанія, якая будзе прасоўваць і беларускія тавары, у адрозьненьне ад замежных апэратараў», — сказаў Ладуцька.

Юры Чыж, архіўнае фота
Юры Чыж, архіўнае фота

«Арэна-Сіці» праз кампанію «Прастор-Трэйд» належаў бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. Забудоўшчыкам цэнтру выступала іншая кампанія набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца — ТАА «Трайпл».

Пасьля затрыманьня Чыжа ў 2016 годзе мэдыя паведамлялі, што гандлёвы цэнтар быў прададзены «Белаграпрамбанку» за 75 мільёнаў даляраў. Топ-мэнэджэры «Прастор-Трэйда» тады абверглі гэтую інфармацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG