Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка сказаць, хто я». Як выпускнікам польскіх школаў у Беларусі жывецца ў Польшчы


Сьвяткаваньне 100-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Польшчы ў Варшаве, 11 лістапада 2018 году

11 лістапада Польшча адзначыла 100-годзьдзе аднаўленьня незалежнасьці 200-тысячным шэсьцем па вуліцах Варшавы. Тым часам усё больш дзяцей у Беларусі ідуць вучыцца ў польскія школы, летась — да 13 тысяч. Былыя выпускнікі расказалі, чаму яны засталіся ў Польшчы, як ім там жывецца і кім яны сябе адчуваюць.

«У мяне падвойная нацыянальнасьць»

Марыя Ануфрыева, 24 гады, з Ваўкавыску. Жыве ў Польшчы 7 гадоў

Скончыла польскую школу ў Ваўкавыску, факультэт польскай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце. Вучыцца ў асьпірантуры. Працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве з кнігамі зь Беларусі, Украіны, Расеі.

«У школе меркавалі: „Калі ты добра вучысься, то мусіш паступаць у Польшчу“. Я не разглядала ніводнай беларускай ВНУ.

Плюс польскай школы — ты вывучаеш мову і культуру іншай краіны, становісься больш адкрытым на сьвет. Калі езьдзіш за мяжу хоць раз на год, то ня страшна паехаць туды вучыцца. У 17 гадоў амбіцыі зашкальваюць, хочацца спрабаваць нешта новае. На пятым курсе я вырашыла, што дадому не вярнуся.

У маёй сям’і меркавалі, што ў Польшчы адукацыя лепшая. Мне давалі стыпэндыю ўраду — 900 злотых (каля 240 даляраў). Гэта была зарплата маёй мамы, якая працавала 25 год у дзіцячым садку. Цяпер студэнты на бакаляўрэаце атрымліваюць 1200 злотых, на магістратуры 1500 злотых, на асьпірантуры 2200 злотых.

У школе казала, што я полька. У Польшчы ўбачыла, што ёсьць розьніца паміж палякамі мясцовымі і з Горадзеншчыны. У мясцовых — добры гумар, у беларусаў хутчэй іранічны, чорны. Палякі вельмі патрыятычныя людзі. Часам гэта пераходзіць у ксэнафобію, але ёсьць добры патрыятызм. З нэгатыўным стаўленьнем да сябе я не сутыкалася.

У Польшчы ўбачыла, што ёсьць розьніца паміж палякамі мясцовымі і з Горадзеншчыны

​Я б сказала, што ў мяне падвойная нацыянальнасьць. Я добра ведаю абедзьве культуры, адчуваю сувязь з кожнай дзяржавай.

Мяне шануюць на працы, хоць я малады спэцыяліст, без адукацыі бібліятэкара. Калі ты добра працуеш, то можаш чакаць добрай зарплаты.

Тут іншы ўзровень выхаванасьці. У краме мне ня скажуць — чаго я прыперлася? Больш галянтныя мужчыны. Прафэсар зь Беластоку нам, дзяўчатам, цалаваў, а ня ціснуў руку. У Беларусі я з такім не сустракалася».

«Не адчувала сябе чалавекам другога гатунку»

Аксана Прус, 48 гадоў, з Горадні. Жыве ў Польшчы пяць гадоў

У Горадні вучылася ў польскай школе пры неафіцыйным Саюзе палякаў. Адукацыю харэографа атрымала ў Горадні, працавала намесьніцай дырэктара ў каледжы мастацтваў. У Польшчу вырашыла пераехаць, калі выйшла замуж за паляка зь Беластоку, бо ў мужа праблемы са здароўем, а лепшую мэдычную апеку яму маглі даць у Польшчы.

Доўга не магла знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Працавала прыбіральшчыцай у невялікіх фірмах. Выкладала расейскую мову ў дзяржаўнай установе па некалькі гадзін на тыдзень. Цяпер стварыла тры танцавальныя дзіцячыя калектывы і працуе зь імі, працягвае выкладаць расейскую мову.

«Мае продкі — этнічныя беларусы з Падляшша. Я вучыла польскую мову зь дзяцінства, ва ўнівэрсытэце. Працавала ў Саюзе палякаў. Прыехала ў Польшчу бяз моўнага бар’еру. Адчувала сябе як у Беларусі. Не адчувала сябе чалавекам другога гатунку. Людзі, зь якімі я камунікую, паважаюць усходнія культуры, могуць перайсьці на расейскую мову дзеля мяне.

Тут я не адчуваю сябе чалавекам перадпэнсійнага ўзросту

​Мае веды ў харэаграфіі тут вельмі цэняцца. Той, хто хоча працаваць, будзе працаваць усюды. Тут можна нашмат больш зарабіць.

Я прадала кватэру ў Горадні і за гэтыя грошы купіла крыху меншую па плошчы ў Беластоку. Потым здолела памяняць яе на большую. Тут пачала вадзіць машыну, у Беларусі не магла сабе гэтага дазволіць.

Тут я не адчуваю сябе чалавекам перадпэнсійнага ўзросту. У Польшчы ўсе актыўна працуюць, шукаюць, дзе яшчэ павучыцца, нават з вышэйшай адукацыяй».

«Тут шмат такіх людзей: „Польшча для палякаў“»

Эля, 23 гады, з Горадні. Жыве ў Польшчы 6 гадоў

У Горадні вучылася ў Польскім школьным таварыстве («Polska Macierz Szkolna»). Скончыла юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працуе турыстычным агентам у Беластоку.

«Я па нацыянальнасьці полька, але адчуваю сябе больш зьвязанай зь Беларусьсю, бо там выхоўвалася. У Беларусі някепска. Я люблю Горадню. Але прызвычаілася да ўзроўню жыцьця ў Польшчы. Ня ведаю, ці правільна цяпер размаўляю па-расейску, бо нават думаць стала па-польску.

Далей у Эўропу, хутчэй за ўсё, не паеду, бо хачу быць блізка да бацькоў. У Польшчы лёгка паехаць у Эўропу, на мора, гэта дасяжна.

Я люблю Горадню. Але прызвычаілася да ўзроўню жыцьця ў Польшчы

У Беластоку роварныя сьцежкі, здаровы лад жыцьця, шмат біяэкапрадуктаў, касмэтыкі. Нядаўна ў паштовую скрыню прыйшла лістоўка, што сьмецьце трэба разьдзяляць на яшчэ больш частак.

Калі цябе абслугоўваюць у польскіх крамах зь незадаволеным выглядам — гэта выключэньне. У Беларусі ня раз было, што кажаш „Добры дзень“, а касірка хмурна паглядзіць, тыпу „Чаго яшчэ?!“. У Польшчы ўсё дужа інфарматызавана. Я магу зайсьці на сайт крамы, вакзала і знайсьці тавары, білеты.

Тут шмат такіх людзей: „Польшча для палякаў“. Я не сустракалася з гэтым непасрэдна, але такое чуваць на вуліцы, у тэлебачаньні. Ня ўсе палякі задаволеныя, што шмат беларусаў, украінцаў пераяжджае сюды.

У Польшчы пануе свабода слова. Калі яны нечым незадаволеныя, то выходзяць на забастоўкі, дэманстрацыі, тэлефануюць, пішуць. Не баяцца, што зь імі нешта зробяць за іхняе меркаваньне».

«У Польшчы вельмі дарагія камунальныя паслугі»

Натальля Кучынская, 30 гадоў, з Горадні. Жыве ў Польшчы 12 гадоў

Вучылася ў Польскім школьным таварыстве, на факультэце міжнародных адносін у Варшаўскім унівэрсытэце. Працавала экспэдытарам. Цяпер у дэкрэтным адпачынку. Замужам, двое дзяцей.

«На апошнім курсе ўнівэрсытэту я разумела, што не вярнуся ў Беларусь. Асноўная частка майго станаўленьня як асобы адбывалася ў Польшчы. Калі вярталася да бацькоў улетку, то ўжо крыху гублялася ў іншай сыстэме. Тут усё дасяжна. З дакумэнтамі разабрацца ніякіх праблем, бо ўсё для чалавека.

Асноўная частка майго станаўленьня як асобы адбывалася ў Польшчы

Тут болей пэрспэктыў знайсьці працу. У нас з мужам іпатэка прыблізна пад 4,3%. Але пакуль мы з гэтай прычыны ня можам падарожнічаць. Муж, дарэчы, таксама паляк з Горадні.

У Варшаве людзі паміж сабой амаль не камунікуюць. Суседзі могуць не размаўляць. Можа, таму, што краіна адкрытая для мігрантаў, мясцовае насельніцтва ад іх закрываецца. Я не адчуваю, што нехта грэбуе камунікацыяй са мной.

Для мяне важна жыць, а не выжываць. У харчаваньні сабе не адмаўляем, хоць прадукты за апошнія два гады істотна падаражэлі. Тут можна знайсьці дасяжнае адзеньне.

У нас з мужам сярэдні польскі заробак, але ў Польшчы вельмі дарагія камунальныя паслугі. Калі за ўсё заплаціць, то амаль нічога не застанецца.

Прыкладна 60% майго заробку ідзе на крэдыт за жытло, каля 40% — на харчаваньне. Камуналка складае недзе 25% ад майго заробку, харчаваньне дзяцей у школе і садку — яшчэ 20%. Шмат цягне аўтамабіль. Страхоўка на машыну і паліва нашмат даражэйшая, чым у Беларусі.

У Беларусь мы пакуль не зьбіраемся вяртацца. Бацькі блізка, у Горадні».

«Хварэць тут нельга»

Настасься Сурынава, 25 гадоў, з Горадні. Жыве ў Польшчы 7 гадоў

Вучылася ў Польскім школьным таварыстве, потым на філялягічным факультэце ў Варшаўскім унівэрсытэце. Прыватна займаецца арт-тэрапіяй. Цяпер у дэкрэтным адпачынку. Замужам, адно дзіця.

«Неразумна было б не скарыстацца магчымасьцю пераехаць, паспрабаваць нешта новае. Калі табе 18 гадоў, хочацца прыгодаў. Потым не было пытаньня, ці буду я вяртацца ў Беларусь. Сьвядомае жыцьцё я правяла ў кантэксьце Эўропы. Ты прызвычайваесься да пэўных рэчаў, стылю жыцьця.

Польская мова вельмі ветлівая, нават калі чалавек ня хоча гэтага („Proszę pani“, напрыклад). Тут, пакуль едзеш у ліфце, суседзі з табой перакінуцца парай сказаў.

Дзіцячыя пляцоўкі агароджаныя, ёсьць туалеты, усё новае. Тут пакідаюць непатрэбныя цацкі, можна нават з дома ня браць свае. Ня думаеш, што прыбягуць бацькі іншага дзіцяці са словамі „Чаго вы мяняецеся цацкамі?“, як у Беларусі. У Польшчы прасьцей: „Давайце паглядзім, як яны самі вырашаць пытаньне“. Палякі вельмі адукаваныя ў пляне выхаваньня дзяцей. Дбаюць, каб дзіця вырасла чалавекам, які здольны рабіць выбар. А ў Беларусі нельга і нельга, і ўсё.

Палякі дбаюць, каб дзіця вырасла чалавекам, які здольны рабіць выбар. А ў Беларусі нельга і нельга, і ўсё

Хварэць тут нельга. Чарга да ўчастковага пэдыятра — тыдзень. Кваліфікацыя дзяржаўных лекараў пад пытаньнем. Да платнага лекара лёгка трапіць, але кансультацыя каштуе 100–200 злотых (каля 25–50 даляраў).

Тут часта ладзяць бясплатныя выставы, фэстывалі.

Сярэдні заробак у Польшчы — 2–3 тысячы злотых (500–800 даляраў). Арэнда „кавалеркі“ (кватэра, дзе кухня спалучаная з заляй і ёсьць яшчэ адзін невялікі пакой) каштуе каля 530 даляраў на месяц, разам з камуналкай — каля 700 даляраў. Калі працаваць, то кошт пад’ёмны.

Калі ты добры спэцыяліст, табе заўсёды рады. Перадузятага стаўленьня з боку палякаў нібыта няма, але на паслугі ад прыежджых (манікюр, масаж) кошты ніжэйшыя.

І я, і муж зьяжджалі не таму, што нам было кепска. Мы хацелі дасьледаваць сьвет, убачыць новае. Калі будзе годная прапанова, то зьбяром рэчы і паедзем далей.

У Беларусі ў нас бацькі, мы туды часта прыяжджаем. Але каб нехта так сумаваў, што хацеў вярнуцца, я такога не сустракала. Цяпер межы адкрытыя, ХХІ стагодзьдзе, ты заўсёды на тэлефоне, блізка».

«Цяжэй людзям, якія пераехалі ў старэйшым узросьце»

Тацяна Казак, 35 гадоў, з Горадні. У Польшчы жыве 7 гадоў

Гісторык па адукацыі. Пераехала разам з мужам дзеля навукі: спачатку стажыроўка ў Варшаўскім унівэрсытэце, потым асьпірантура. Цяпер працуе экскурсаводам. У Польшчы ў іх нарадзілася дзіця.

Муж зь сярэдняй адукацыяй памяняў 14 працаў. Апошнія гады працуе на Uber. Атрымалі крэдыт на жытло.

«Хацелася навуковага росту, а ў Горадні гэтага не хапала. Нават калі ты ня ведаеш мовы, але ведаеш працу, то знойдзеш сабе месца.

Мы, напэўна, ужо ня вернемся, бо чалавек выбірае, дзе яму камфортней. Гэта ня так далёка, 260 кілямэтраў ад Горадні.

Цяжэй людзям, якія пераехалі ў старэйшым узросьце. Іх сустракаюць трэшавыя сытуацыі, дзіўнае стаўленьне палякаў. Адна беларуска даглядала сталую польку. Неяк прыйшла да яе ў новых пантофлях. А тая кажа — маўляў, трэба і ёй такія набыць, каб было ў чым пахаваць.

Я да сябе не сустракала нэгатыўнага стаўленьня. Кажуць, мне шанцавала. Палякі ня самыя талерантныя людзі. Яны пачалі больш насьцярожана ставіцца да мігрантаў, калі прыехала шмат украінцаў. Але беларусы тут на добрым рахунку.

Не хапае прадуктаў, якія ёсьць толькі ў Беларусі: чорны хлеб, батон, аўсянае печыва (тут яно зусім іншае), бярозавы сок (тут ён вельмі дарагі), халва, згушчанае малако, глазураваныя сыркі, ражанка. Няма сала, але яго нельга правозіць празь мяжу.

Калі пачынаю мучыцца тугой па радзіме, зьбіраюся і еду ў Горадню».

«З палякамі адчуваеш, што табе не хапае базы»

Барбара Чамярыс, з Горадні. У Польшчы жыве пяць гадоў

​Вучылася ў польскай школе ў Горадні, у школе пры неафіцыйным Саюзе палякаў. Вучыцца ў Варшаўскім унівэрсытэце на факультэтах сацыялёгіі і ібэрыстыкі.

«Я ўжо прызвычаілася да Польшчы. Мне цяжка ўявіць сябе ў Горадні. Там мала руху. Паехала паступаць з мэтай „пажыву, пагляджу“. Захацелася пажыць у іншай краіне.

Летась падпрацоўвала нянечкай, працавала афіцыянткай па 8–9 гадзін 4 дні на тыдзень, спала па 4 гадзіны ў суткі. Было вельмі цяжка, таму цяпер не працую.

Ва ўнівэрсытэце мне падабаецца, што ты сам складаеш праграму. Выкладчык ставіцца да студэнта з пашанай, зьвяртаецца „пан“, „пані“. Не прыніжае.

Цяжка сказаць, полька я ці беларуска. Карані ў мяне польскія, але ўся культура, што я засвоіла ў дзяцінстве, — беларуская

Варшава мне падабаецца, бо гэта вялікі горад. Выходзіш у цэнтар, вакол шмат людзей, нейкі рух. У Горадні нават аўтобусы павольней езьдзяць. Туды добра прыехаць на два тыдні дадому адпачыць.

Тут моладзь болей накіраваная некуды паехаць на сьвяты, выходныя. У Польшчы ўзровень жыцьця вышэйшы. Маёй стыпэндыі па праграме дапамогі палякам за мяжой хапае на жыцьцё.

Цяжка сказаць, полька я ці беларуска. Я сябе не адчуваю ні там, ні там. Карані ў мяне польскія, але ўся культура, што я засвоіла ў дзяцінстве, — беларуская. Не хапае базы, якая ёсьць у палякаў. Адчуваць сябе палякам ці беларусам — гэта ня толькі пытаньне этнічнага паходжаньня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG