Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган: аўдыёзапісы, зьвязаныя з забойствам Хашокджы, перадалі 5 краінам


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што Анкара падзялілася аўдыёзапісамі, зьвязанымі з забойствам журналіста Джамаля Хашокджы, з замежнымі партнэрамі: Злучанымі Штатамі, Нямеччынай, Францыяй і Вялікабрытаніяй.

Па словах Эрдагана, усе яны «праслухалі размовы, якія тут вяліся, яны пра іх ведаюць». Такім чынам, Турэччына ўпершыню афіцыйна прызнала існаваньне запісаў з саудаўскага консульства ў Стамбуле, дзе 2 кастрычніка быў забіты Хашокджы. Пра гэтыя запісы раней паведамлялася ў прэсе. Сьцьвярджалася, у прыватнасьці, што яны былі перададзеныя кіраўніцы ЦРУ Джыне Хаспел. Пра канкрэтны зьмест запісаў Эрдаган не сказаў.

Саўдаўская Арабія першапачаткова адмаўляла забойства журналіста, аднак затым прызнала яго. Афіцыйная вэрсія саудаўскіх уладаў палягае ў тым, што апазыцыйны журналіст быў забіты не па загаду «зьверху», а зь ініцыятывы выканаўцаў злачынства, якія былі арыштаваныя.

Гэтая вэрсія, аднак, выклікае пытаньні ў Турэччыны і на Захадзе. Па адной з вэрсій, за забойствам журналіста стаялі асобы, блізкія да насьледнага прынца Мухамэда.

На перамовах у Парыжы ў суботу, як паведамляецца, прэзыдэнты ЗША і Францыі Дональд Трамп і Эмануэль Макрон закранулі «справу Хашокджы» і пагадзіліся, што Саўдаўская Арабія павінна прадставіць дадатковыя тлумачэньні таго, што здарылася. Эрдаган таксама адпраўляецца ў Парыж, дзе, паводле яго слоў, мае намер сустрэцца з прэзыдэнтам ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG