Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве арыштавалі 14-гадовага школьніка па справе аб выбуху ў архангельскім ФСБ


Міхаіл Жлабіцкі перад выбухам у будынку ФСБ у Архангельску
Міхаіл Жлабіцкі перад выбухам у будынку ФСБ у Архангельску

Суд у Маскве да 2 сьнежня арыштаваў 14-гадовага падлетка, які, як мяркуецца, кантактаваў з маладым чалавекам, які ўчыніў выбух у архангельскім ФСБ, і падазраецца ў спробе зрабіць выбуховае прыстасаваньне.

Маскоўскага школьніка затрымалі 2 лістапада каля яго дома ў раёне Тушына. Пры ператрусе ў кватэры, як паведамлялі СМІ, выявілі самаробнае выбуховае прыстасаваньне і яго элемэнты. Бацька затрыманага падлетка Ігар Кузьмінкін у размове з «Медиазоной» паведаміў, што ў сына знайшлі ня бомбу, а нейкія асобныя кампанэнты, «якія можна купіць у любой краме». Паводле слоў мужчыны, адзінае, што зьвязвае яго сына з маладым чалавекам з Архангельска, які падарваў сябе ў будынку ФСБ, — падпіска на адзін паблік у сацсетцы «Вконтакте».

Супраць школьніка распачалі дзьве крымінальныя справы паводле артыкулаў «незаконнае набыцьцё і захоўваньне выбухоўкі», а таксама «выраб выбуховага прыстасаваньня».

Раніцай 31 кастрычніка ў Архангельску ў будынку мясцовага ўпраўленьня ФСБ адбыўся выбух. Паводле вэрсіі сьледзтва, самаробную бомбу ўзарваў 17-гадовы навучэнец Архангельскага палітэхнічнага каледжу Міхаіл Жлабіцкі. У сацыяльных сетках ён прапагандаваў ідэі анархізму, а незадоўга да тэракту папярэдзіў аб тым, што ідзе падрываць ФСБ, назваўшы матывам сваіх дзеяньняў, у прыватнасьці, тое, што спэцслужба «фабрыкуе справы і катуе людзей». У выніку выбуху ён загінуў, таксама былі параненыя трое чалавек.

Тым часам у Калінінградзе паліцыя затрымала 24-гадовага анархіста Вячаслава Лукічава, які падазраецца ў «публічным апраўданьні тэрарызму ў інтэрнэце». Крымінальная справа супраць яго распачатая ў сувязі з камэнтарамі да скрыншоту перадсьмяротнай нататкі выканаўцы тэракту ў Архангельску: па вэрсіі сьледзтва, анархіст назваў яго «сапраўдным героем». За гэта яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG