Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пра міграцыю думаюць на беларускай радзіме продкаў дарадцы Трампа. ВІДЭА


У Антопалі
У Антопалі

Галоўным памочнікам і дарадцам прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа заўсёды быў Стывэн Мілер — адзін з аўтараў закону аб мігрантах, продкі якога каля 100 гадоў таму зьехалі зь мястэчка Антопаль, што каля Драгічына, расказвае тэлеканал «Настоящее время».

У 1903 году Вольф-Лейб Глотцэр і ягоная жонка Бася, продкі Стывэна Мілера, прыехалі ў ЗША з усяго васьмю далярамі ў кішэні. Цяпер ужо немагчыма вызначыць, дзе менавіта ў Антопалі да эміграцыі яны жылі. Ні дакумэнтаў, ні жывых сьведак, якія маглі б паказаць на іх дом, ужо не засталося.

Антопальскі пэнсіянэр Мікалай Паўлавіч Дзяцук пра антопальскіх продкаў Мілера ніколі ня чуў, але ўзмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі ў ЗША не ўхваляе.

«Ён ня мае рацыі, я лічу. Людзі павінны вольна перамяшчацца па ўсім сьвеце. Навошта такія забароны? Мне гэта не падабаецца. Так было заўсёды — людзі перасоўваліся, перамяшчаліся, хтосьці з эканамічных меркаваньняў, хтосьці шукаў працу, хтосьці сваякоў. Гэта натуральна. Мне здаецца, межы павінны быць адкрытыя», — разважае Дзяцук.

«Людзі шукаюць, дзе лепш жыць»

Сям’я Глотцэраў пераехала ў ЗША ў пошуках новых магчымасьцяў і бясьпекі. Ужо пасьля пераезду ўсёй сям’і ў гісторыі Антопаля пачалася адна з самых страшных старонак. Да 1939 году ў людзей была магчымасьць паехаць на заробкі ці эміграваць у любую краіну, у тым ліку і ў ЗША. А пасьля таго, як у верасьні 1939 году гэтыя тэрыторыі ўключылі ў склад СССР, такая магчымасьці зьнікла.

З пачаткам нямецкай акупацыі ў 1941 годзе ўсе габрэі былі сагнаныя ў гета і зьнішчаныя. Іх целы пахавалі ў лесе на ўскраіне Антопаля. Мясцовая жыхарка Ніна Ігнатоўская нарадзілася неўзабаве пасьля вайны, але падрабязнасьці масавых пакараньняў мясцовых габрэяў ведае з успамінаў бацькоў.

«Там загінула вельмі шмат габрэяў — зямля варушылася, яны нават былі жывымі. Гэтыя людзі падалі ў ямы, якія самі сабе выкапалі. Жывыя былі, кроў выходзіла наверх. Нашы людзі хавалі іх, удачаралі і ўсынаўлялі тых габрэйскіх дзяцей, якія засталіся», — расказвае яна.

Да абмежаваньняў для эмігрантаў у ЗША, якія падтрымлівае нашчадак Глотцэраў, Ігнатоўская ставіцца нэгатыўна.

«Людзі шукаюць, дзе лепш жыць, зараз жа мы маем права на лепшае жыцьцё. Я, напрыклад, ня скарджуся, мы жывём тут някепска. Трэба людзям жыць там, дзе лепш», — кажа Ігнатоўская.

У пачатку ХХ стагодзьдзя Антопаль, як і большасьць беларускіх мястэчак, быў пераважна габрэйскім, тры чвэрці насельніцтва тут складалі габрэі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG