Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Мэланіі Трамп атрымалі амэрыканскае грамадзянства


Дональд і Мэлані Трамп.

Віктар Кнаўс і Амалія Кнаўс (Knavs), бацькі жонкі прэзыдэнта ЗША Мэланіі Трамп, атрымалі ў чацьвер грамадзянства ЗША. Яны прынялі прысягу ў Нью-Ёрку, прычым Віктар Кнаўс пасьля клятвы сказаў: «Дзякуй», паведамляе Associates Press.

Віктару Кнаўсу 74 гады, яго жонцы — 73, раней яны жылі ў ЗША, бо мелі дазвол на пастаяннае жыхарства па грын-карце, спонсарам якога была іх дачка. Яна на цырымоніі прыняцьця грамадзянства не прысутнічала і адмовілася камэнтаваць пытаньне грамадзянства сваіх бацькоў. Дональд Трамп таксама пакуль нічога не напісаў у твітэры на гэтую тэму.

Абое пэнсіянэры — ураджэнцы і грамадзяне Славеніі. Бацька Мэланіі прадаваў аўтамабілі, а маці працавала на тэкстыльнай фабрыцы. Юрыст Кнаўсаў Майкл Вілдэс заявіў, што яны падавалі прашэньне аб грамадзянстве ЗША на агульных падставах, і яно не разглядалася ў адмысловым парадку.

Сям’я Кнаўсаў у Славеніі жыла ў невялікім мястэчку Сэўніцы: менавіта там нарадзілася Мэланія. Аднаклясьнікі будучай першай лэдзі кажуць, што яна зь дзяцінства была амбіцыйнай, хацела стаць мадэльлю і паступіць у школу дызайну ў Любляне, сталіцы Славеніі. Ужо ў 16 гадоў яна стала здымацца для модных часопісаў і паехала працаваць у Мілян, трохі зьмяніўшы прозьвішча на «Knauss», а потым ў 1996 годзе пераехала ў ЗША.

Ужо будучы вядомай мадэльлю, у 1998 годзе яна пазнаёмілася з Дональдам Трампам на адной зь вечарынак у Нью-Ёрку. Пара пабралася шлюбам ў 2005 годзе, а іх сын, Бэран, нарадзіўся ў 2006 годзе.

Стаўшы прэзыдэнтам ЗША, Трамп прапанаваў праект міграцыйнай рэформы, якая абмяжуе прыток у ЗША мігрантаў па сямейнай лініі, але замест гэтага будзе прыцягваць мігрантаў па бальнай сыстэме: з адукацыяй і запатрабаванай прафэсіяй.

Калі б гэтая рэформа ўжо была прынятая ў якасьці закону, бацькі Мэланіі Трамп маглі б не атрымаць амэрыканскі пашпарт або атрымалі б яго з большымі праблемамі, чым цяпер.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG